Затрымалі супрацоўніка Верхнядзвінскага райвыканкама. Вінавацяць ва ўдзеле ў праграме «Кадравы рэзерв»

Сілавікі затрымалі жыхара Верхнядзвінска Аляксея Кісялёва. Відэа з ім апублікаваў прапагандысцкі канал. Кісялёва вінавацяць ва ўдзеле ў праграме падрыхтоўкі «кадравага рэзерву новай Беларусі».

13.03.2024 / 10:23

На камеру яго прымусілі сказаць, што ён быў вучнем праграмы «Кадравы рэзерв». Прапагандысты дадаюць, што ў мужчыны была «нармальная праца» ў мясцовым райвыканкаме. 

14 лютага Следчы камітэт паведаміў, што распачаў крымінальную справу супраць удзельнікаў ініцыятывы «Кадравы резерв для новай Беларусі». Ім інкрымінавана ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэнне або ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні).

АНТ паказаў 14 чалавек, затрыманых па гэтай справе. Прадстаўнік Абʼяднанага пераходнага кабінета Беларусі Юрась Губарэвіч заявіў, што тыя, каго атрымалася ідэнтыфікаваць, не маюць і ніколі не мелі дачынення да «Кадравага рэзерву». Некаторыя з іх знаходзяцца на свабодзе ці ўвогуле раней пакінулі межы Беларусі. 

Праграма «Кадравы рэзерв для новай Беларусі» была запушчана Абʼяднаным пераходным кабінетам у лістападзе 2022 года. Да навучання мог далучыцца любы беларус, які меў жаданне, вопыт і адукацыю для эфектыўнага выканання службовых абавязкаў у сферы дзяржаўнага адміністравання пасля змен у Беларусі.

Чытайце таксама:

Мінчука судзяць за данаты. Яму пагражае да 15 гадоў калоніі

Мінчанку затрымалі за ўдзел у пратэстах па вяртанні ў Беларусь

Экс-рэдактара «Вячэрняга Століна» вінавацяць у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці і вымагальніцтве

Nashaniva.com