Прэзідэнт Літвы перадаў вітанне скандальна вядомаму беларускаму відэаблогеру. Як так выйшла?
Кемлівы літоўскі хлопчык хоча атрымаць ад блогера $2 мільёны.
12.03.2024 / 15:32
Гітанас Науседа перадае прывітанне блогеру Mellroy.
Прэзідэнт Літвы Гітанас Науседа па просьбе хлопчыка павіншаваў беларускага відэаблогера Mellstroy.
Mellstroy — гэта ўраджэнец Гомеля Андрэй Бурым. Скандальную вядомасць ён атрымаў у 2020 годзе, калі падчас аднаго са сваіх стрымаў збіў дзяўчыну. Пасля гэтага на Бурыма завялі крымінальную справу. У выніку яму прызначылі паўгода выпраўленчых работ і штраф.
Некаторы час блогер жыў у Дубаі, а ў лютым гэтага года перасяліўся ў Турцыю. Там ён хаваецца ад заведзенай крымінальнай справы за ўхіленне ад службы ў арміі.
Mellstroy раздае заданні, за выкананне якіх абяцае буйные сумы грошай. Сярод апошніх заданняў было «прывітанне ад прэзідэнта».
«Хачу прапанаваць мінімум 2 мільёны даляраў за прэзідэнта любой краіны. Калі прэзідэнт любой краіны, любой, — галоўнае, прэзідэнт — перадасць мне прывітанне, то, бл… мінімум 2 мільёны даляраў», — заявіў Андрэй Бурым у часе стрыму.
Гэта заданне выканаў школьнік з Літвы.
У часе святочных мерапрыемстваў у Вільні ён падышоў да прэзідэнта Наўседы. На відэа, якое гуляе па сацсетках, прэзідэнт пытаецца ў хлопчыка: «Якое імя? А, Mellstroy. Ну, так, віншую. З чым? З днём нараджэння ці з 11 сакавіка?»
Дзіця адказвае, што з 11 сакавіка.
«Віншую цябе з 11 сакавіка», — гаворыць Наўседа.
Аднак пасля таго, як блогер убачыў запісанае відэа, ён сказаў, што не гатовы выплаціць поўную суму. Маўляў, чакаў іншага:
«Я чакаў не гэтага. Гэта, зразумела, мая праблема, што я не прапісаў нармальна правілы. Можна, я адпраўлю тысяч 100-150 даляраў? За 2 лямы зялёных я чакаў якаснае прывітанне».
Чытайце яшчэ:
Гомельскі ваенкам Крываносаў паабяцаў зрабіць з трэш-стрымера Mellstroy «годнага байца»
Гомельскага трэш-блогера аб'явілі ў вышук у Расіі і завялі крымінальную справу ў ААЭ