Як беларусы ледзь не страцілі ў Празе магілы прэзідэнтаў БНР і спевака Забэйды-Суміцкага
Былы журналіст Радыё Свабода і першы намеснік старшыні Рады БНР Сяргей Навумчык у сваім фэйсбуку расказаў пра асаблівасць апекі над могілкамі ў заходніх краінах.
12.03.2024 / 08:52
Фота з фэйсбука Сяргея Навумчыка
«Пражскія беларусы (а менавіта, чэшскі сектар Рады БНР і суполка «Скарына») аплацілі арэнду магілаў прэзідэнта БНР Пётры Крэчэўскага і спявака Міхася Забэйды-Суміцкага на Альшанах на наступныя 10 гадоў (максімальны тэрмін, потым яго можна працягнуць).
«Арэнда магілы» — у нашым, беларускім успрыманні, гучыць, мякка кажучы, нязвыкла. Але ў шмат якіх краінах Еўропы такі закон: месца пад пахаванне купляецца на пэўны тэрмін, і калі па яго завяршэнні аплата не ўносіцца ізноў — яно можа быць прададзенае пад іншае пахаванне.
У выпадку з прэзідэнтамі БНР Крэчэўскім і Захаркам крыху больш як дзесяць год таму падобнае ледзь не здарылася — людзі, якія ў свой час афармлялі дакументы, з'ехаўшы з Прагі, забыліся іх перадаць і не паведамілі пра тэрмін завяршэння дамовы.
У выніку, беларусы згубілі права ўласнасці на надмагільныя помнікі — праўда, нам прапанавалі іх выкупіць у адміністрацыі, але за такія вялікія грошы, якіх у нас папросту не было», — напісаў Сяргей Навумчык.
Ён кажа, што давялося весці перамовы з адміністрацыяй могілак, шукаць нейкае кампраміснае рашэнне. Ім пайшлі насустрач, але вось ужо дзесяць гадоў гэта, строга кажучы, не арэнда, а шэфства над магіламі, за якое да таго ж павінны плаціць.
«Таксама, мы забрукавалі за свой кошт даволі працяглую сцяжыну да адной з магілаў — такая была ўмова.
Але затое цяпер мы пэўныя, што магілы застануцца. І штогод, на Дзяды і на Дзень Волі, можна прыйсці да іх і пакласці кветкі».
«Сотні, тысячы магілаў беларусаў у дзясятках краінаў на розных кантынентах — страчаныя. Амбасады РБ яны не цікавілі і не цікавяць — тады як украінскія, польскія, літоўскія дыпмісіі апекваюцца месцамі супакаення сваіх суродзічаў. Гэта і не дзіўна: РБ не зʼяўляецца беларускай дзяржавай, яе кіраўніцтва знішчае ўсё беларускае, знішчае паслядоўна і мэтанакіравана.
Вядома, у эмігрантаў, асабліва новых, хапае клопатаў. І ўсё ж мы павінны памятаць і пра тых, хто быў да нас — бо ніхто іншы пра іх памяць не паклапоціцца», — рэзюмуе Сяргей Навумчык.
Чытайце таксама:
Роўна 106 гадоў таму была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка
$5000 за месца на могілках, $330 за святара. На што хлопец Лізы патраціць сабраныя грошы?