Пілоты самалёта заснулі падчас палёту

Потым прачнуліся і шчасліва пасадзілі самалёт.

12.03.2024 / 08:27

Улады Інданезіі пачалі расследаванне ў дачыненні да авіякампаніі Batic Air, пасля таго як абодва пілоты самалёта Airbus A320 заснулі падчас палёту з выспы Сулавесі ў сталіцу Джакарту. Пілоты адхіленыя ад працы на час расследавання. Інцыдэнт адбыўся 25 студзеня, піша Бі-бі-сі.

Як паведамілі ў Міністэрстве транспарту Інданезіі, 32-гадовы камандзір паветранага судна папрасіў другога пілота ўзяць кіраванне прыкладна праз паўгадзіны пасля ўзлёту, сказаўшы, што яму трэба адпачыць, і заснуў.

28-гадовы другі пілот пагадзіўся, але таксама заснуў. Пазней ён патлумачыў гэта тым, што дапамагаў жонцы прыглядаць за нованароджанымі немаўлятамі-блізнятамі.

Авіядыспетчары Джакарты спрабавалі звязацца з пілотамі, але не атрымалі адказу. Маўчанне працягвалася 28 хвілін, пакуль камандзір не прачнуўся і не зразумеў, што другі пілот таксама спіць. Ён таксама выявіў, што самалёт нязначна адхіліўся ад курсу.

Пілоты адказалі на выклікі дыспетчараў Джакарты і шчасліва пасадзілі самалёт.

Медыцынскія тэсты перад палётам паказалі, што абодва пілоты годныя да кіравання паветраным суднам.

Улады абвясцілі строгую вымову кампаніі Batik Air у сувязі з інцыдэнтам. Кіраўнік дэпартамента паветранага транспарту Інданэзіі М Крысці Энда Мурні заявіў, што авіякампаніі варта надаваць больш увагі адпачынку экіпажа.

Batik Air заявіла, што працуе над гэтым і абавязваецца выконваць усе рэкамендацыі авіяцыйных уладаў па бяспецы палётаў.

Чытайце таксама:

Малайзія мае намер аднавіць пошукі зніклага 10 гадоў таму самалёта Boeing

ЗША і Турцыя прыпыняюць выкарыстанне адной з мадэляў Boeing — у самалёта ў палёце сарвала аварыйныя дзверы

Колькасць самалётаў, што лётаюць праз беларускую паветраную прастору, скарацілася ў 10 разоў

Nashaniva.com