У брэсцкім парку ўпаў масленічны слуп у той момант, калі па ім караскалася дзіця
Учора, 10 сакавіка, у афіцыйным тэлеграм-канале Брэсцкага гарвыканкама «Любімы Брэст» з'явілася навіна пра падзенне дзевяціметровага масленічнага слупа, які, нібыта, «не вытрымаў нагрузкі» і ўпаў. У выніку здарэння, паводле афіцыйнай інфармацыі, нібыта ніхто не пацярпеў. Выданне Bgmedia паглядзела, як на гэты выпадак рэагуюць жыхары горада.
11.03.2024 / 20:10
Скрыншот відэа з дзяўчынкай і паваленым слупом у Брэсце на масленічных гуляннях 10 сакавіка 2024 года. Фота: Instagram
Да паста было прымацаванае відэа, на якім дарослы мужчына ў ніжняй бялізне «патрыятычных» колераў залазіць на слуп, забірае падарунак і без здарэнняў спускаецца ўніз пад ухвальныя крыкі натоўпу.
Скрыншот відэа з тэлеграм-канала «Любімы Брэст»
А вось ролік з гэтым самым слупом, зняты ўжо пасля таго, як бервяно ўпала, распаўсюдзіўся ў многіх сацыяльных сетках. На відэа бачна, як вядоўца супакойвае дзяўчынку ў экіпіроўцы, якая, відавочна, спрабавала залезці на слуп. Спінай да яе стаіць супрацоўнік МНС, абапёршыся на паваленае дрэва.
Якіх-небудзь падрабязнасцяў гэтага здарэння не знайшлося ні на афіцыйным сайце Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС, ні ў сацыяльных сетках. Затое ў тэлеграм-канале «Любімы Брэст» адзначылі, што штогод перад правядзеннем Масленіцы «канструкцыя праходзіць выпрабаванні на трываласць і ўстойлівасць».
Да наступных выхадных абяцаюць паставіць новы слуп.
Месца падзення слупа ў першы дзень масленічных гулянняў у Брэсце. 10 сакавіка 2024 года. Фота: Тэлеграм-канал «Любімы Брэст»
Журналіст BGmedia пачытаў, што пішуць з нагоды нядзельнага інцыдэнту ў сацыяльных сетках і не знайшоў супадзенняў з афіцыйнай версіяй уладаў адносна «вялікага наплыву ахвотных дастаць прыз». У той жа час многія карыстальнікі сышліся ў меркаванні, што слуп далёка не першай свежасці, маўляў, яму ўжо не менш за 30, а то і каля 40 гадоў. Ды і па драўніне відаць, што слуп быў гнілы.
Дакладных звестак пра ўзрост гэтага слупа знайсці пакуль не ўдалося. Аднак многія каментатары выказвалі сваю занепакоенасць з нагоды стану дзіцяці і абураліся тым, што адбылося, адзначаючы, што няшчасце не адбылося толькі цудам.
Чытайце таксама:
У Мінску жанчына кінулася літаральна пад колы аўтамабіля, даганяючы аўтобус. Пашанцавала
Бацька ў Польшчы выклікаў паліцыю на 4-гадовую дачку. Ён паведаміў ім пра хатні гвалт
П'яны мінчук скраў мотаблок, але далёка з'ехаць не змог. Што прызначыў суд?