Расіяне ўдарылі «Іскандэрам» па калоне ўкраінскай тэхнікі. Падобна, знішчаныя дзве пускавыя ўстаноўкі Patriot
Акупанты з дапамогай беспілотніка выявілі калону УСУ пад Пакроўскам на Данеччыне, у склад якой уваходзілі па меншай меры дзве ўстаноўкі амерыканскага ЗРК, і знішчылі іх ударам «Іскандэра», з вялікай верагоднасцю знішчыўшы і экіпаж, лічаць СМІ і аналітыкі.
10.03.2024 / 17:01
Міністэрства абароны РФ падчас брыфінгу 9 сакавіка заявіла, што акупацыйнымі войскамі быў знішчаны зенітны ракетны комплекс С-300. Пры гэтым незалежныя аналітыкі прыйшлі да высновы, што на кадрах з наступствамі ўдару відаць кабіну як мінімум аднаго грузавіка MAN. Такія грузавікі ўваходзілі ў склад батарэі зенітнага ракетнага комплексу Patriot, якую Украіне перадала Германія.
Журналісты Forbes, а таксама аналітык BILD Юльян Ропке пішуць, што пускавыя ўстаноўкі былі за 10 метраў адна ад адной, і яны «былі прыпаркаваныя дастаткова доўга, каб Расія выпусціла па іх балістычную ракету».
Удакладняецца, што гэта першы выпадак за два гады поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны, калі расіянам удалося знайсці і знішчыць батарэі ўкраінскіх Patriot.
«Цалкам магчыма, што пускавыя ўстаноўкі і экіпажы, якія «Іскандэр» паразіў на гэтым тыдні за 30 кіламетраў ад лініі фронту, былі тымі самымі, якія збілі шмат расійскіх самалётаў. Паветра над усходам Украіны, магчыма, стала нашмат бяспечнейшым для расіянам», — піша Forbes.
У сваю чаргу Інстытут вывучэння вайны пакуль не пацвярджае знішчэнне ўкраінскіх ЗРК, бо расіяне дэманстравалі кадры знішчэння грузавікоў MAN, якія могуць як перавозіць устаноўкі Patriot, так і выкарыстоўвацца ў лагістыцы.
Чытайце таксама:
Расейцы знішчылі ва Украіне ўстаноўку HIMARS — першы пацверджаны эпізод за 19 месяцаў
Як беларусы дапамагалі аснашчаць расійскую вайсковую машыну заходнім абсталяваннем