«23 гады жыву пры Лукашэнку, плакаць хочацца ад шчасця». Магілёўскую прапагандыстку не спыніць
Азаронак запрасіў да сябе на стрым узыходзячую зорку магілёўскай прапаганды Віталіну Петрусевіч. Яна раней зневажала ў сюжэтах затрыманых за палітыку.
08.03.2024 / 22:52
Віталіна Петрусевіч працуе на магілёўскім ТБ. Фота: тэлеграм-канал Азаронка
«Наша Ніва» ўжо пісала пра Віталіну. У загалоўку таго артыкула стаяла яе цытата «Лукашэнку люблю ўсім сваім сэрцам». «Гэта мой любімы загаловак артыкула», — ацаніла прапагандыстка.
«Можаце яшчэ дзесяць артыкулаў напісаць. Так, я сапраўды люблю ўсім сэрцам нашага прэзідэнта. Гэта не адняць і з мяне не дастаць ніяк, ніякімі абцугамі».
Віталіна Петрусевіч згадала, як нядаўна пераглядала кадры з жаночага форума на «Мінск-Арэне» ў верасні 2020-га.
«Як яны яго сустракалі. Мурашкі па скуры, плакаць хочацца ад шчасця. І Ала Аляксандраўна — гэта наша галоўная жанчына ў вобласці ў плане таго, што ўзначальвае абласны саюз [жанчын] — сказала:
«Прэзідэнт сышоў, а мы яшчэ вельмі доўга стаялі і апладзіравалі. А потым пачалі плакаць ад шчасця, што ў нас такі прэзідэнт, што ў нас на чале такі мужчына. Мы за ім пойдзем».
Самой дзяўчыне 23 гады — адзначае, што нарадзілася пры Лукашэнку.
«Жыла пры ім, жыву пры ім і хачу яшчэ столькі ж пры ім пражыць. І я гэта кажу абсалютна шчыра, бо ў мяне ўсё было ў дзяцінстве. Дзіцячы сад, школа — усё бясплатна. Медыцына бясплатна. Паступаць куды хочаш — ідзі, рабі куды хочаш. Выбар ёсць. Ну хіба ад гэтага можна адмовіцца? Хіба прэзідэнта тут можна ў чымсьці вінаваціць?»
Чытайце таксама:
Пятро Пятроўскі: Трэба ўводзіць крымінальную адказнасць за нацыяналізм і лібералізм