Францыя падпісала абаронную дамову з Малдовай на фоне пагроз з боку Расіі
Эманюэль Макрон абяцае «непахісную падтрымку» ў абароне суверэнітэту суседняй з Украінай краіны.
08.03.2024 / 20:00
Мая Санду і Эманюэль Макрон. 7 сакавіка 2024 года. Фота: AP Photo/Christophe Ena
Як піша The Financial Times, двухбаковыя пагадненні падпісаны праз тыдзень пасля таго, як Прыднястроўе звярнулася па эканамічную дапамогу да Масквы, што нагадвае заклік сепаратыстаў усходу Данбасу ў пачатку расійска-ўкраінскага канфлікту ў 2014 годзе. У апошнія дні расійскія афіцыйныя асобы параўноўвалі праеўрапейскае кіраўніцтва Малдовы з кіраўніцтвам Украіны.
«Сёння лінія фронту — гэта Украіна ў бітве за Еўропу, за ўсё, што нам дарагое і што мы абараняем. На карту пастаўлена наша агульная бяспека. Калі агрэсара не спыніць, ён будзе працягваць, і лінія фронту будзе ўсё бліжэй. Бліжэй да нас. Бліжэй да вас», — цытуе выданне словы прэзідэнта Малдовы Маі Санду пасля падпісання пагаднення ў Парыжы.
У сваю чаргу Эманюэль Макрон запэўніў, што Францыя будзе аказваць «непахісную падтрымку незалежнасці, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Малдовы.
Абароннае пагадненне ўключае ў сябе размяшчэнне французскага ваеннага прадстаўніка ў Малдове, а таксама праграмы навучання і пастаўкі зброі. Парыж таксама паабяцаў інвеставаць у малдаўскія энергетычныя праекты, прыродныя рэсурсы і чыгуначны транспарт.
Чытайце яшчэ:
Макрон гатовы адправіць армію Францыі пасля прарыву фронту да Адэсы ці Кіева
Кіраўнік разведкі Малдовы заявіў пра планы Расіі перашкодзіць яе ўступленню ў ЕС