92-гадовы Руперт Мердак ажэніцца з былой цешчай Абрамовіча
І гэта будзе ўжо пяты шлюб медыямагната нумар адзін у цэлым свеце.
08.03.2024 / 09:21
Скрыншот відэа Mirror7.news
92-гадовы медыямагнат Руперт Мёрдак збіраецца ў хуткім часе згуляць вяселле з Аленай Жукавай, былой цешчай расійскага магната Рамана Абрамовіча. Гэта будзе ягоны пяты шлюб, піша Бі-бі-сі.
Людзі з атачэння Мердака паведамілі газеце New York Times, што ён ужо заручаны з 67-гадовай Жукавай, і вяселле адбудзецца ў чэрвені ў маёнтку магната ў Каліфорніі.
Па звестках прэсы, Алена Жукава — былая жонка расійскага мільярдэра Аляксандра Жукава і маці мадэлі Дар'і Жукавай, з якой з 2008 да 2017 года быў жанаты Раман Абрамовіч.
Аўстраліец Руперт Мердак у мінулым годзе пайшоў з пасады старшыні праўленняў створаных ім сусветнай медыя-карпарацыі News Corp і тэлеканала Fox, перадаўшы кіраванне сваім дзецям.
З Аленай Жукавай ён, па звестках прэсы, сустракаецца з лета мінулага года. Яны пазнаёміліся на вечарынцы ў адной з былых жонак Мердака, прадпрымальніцы кітайскага паходжання Вэндзі Дэн, неўзабаве пасля таго, як медыямагнат разарваў заручыны з былым капеланам паліцыі Эн Леслі Сміт.
Акрамя Дэн, Мердак быў жанаты са сцюардэсай з Аўстраліі Патрысіяй Букер, журналісткай з Шатландыі, напалову эстонкай Ганнай Ман, а таксама з амерыканскай мадэллю і акторкай Джэры Хол.
News Corp Руперта Мердака валодае сотнямі газет і іншых сродкаў масавай інфармацыі па ўсім свеце. Створаны ў 1996 годзе тэлеканал Fox — зараз самы папулярны канал у ЗША.
Пачынаў Мердак у 1950-х у роднай Аўстраліі. У 1969 годзе ён купіў дзве «жоўтыя» брытанскія газеты — News of the World і Sun, затым — амерыканскія New York Post і Wall Street Journal і такім чынам паступова стварыў гіганцкую міжнародную медыя-імперыю.
Чытайце таксама:
Сэкс, гвалт і людажэрства. Як дыктатары шукалі сабе палюбоўніц
Гендырэктар OpenAI Сэм Альтман таемна ажаніўся
«Надзвычай хвалююся». 92-гадовы медыямагнат Руперт Мёрдак абвясціў, што ажэніцца пяты раз