Што вядома пра сям'ю новага адказнага за эканоміку ў адміністрацыі Лукашэнкі
Аляксандр Лукашэнка сёння прызначыў новага намесніка кіраўніка сваёй адміністрацыяй, адказнага за эканоміку — Аляксандра Ягорава. Пра яго прафесійнае аблічча мы пісалі раней, а «Радыё Свабода» даведалася тое-сёе і пра сям'ю чыноўніка.
07.03.2024 / 23:34
Ад 2013 года Аляксандр Ягораў у шлюбе з Анастасіяй Цынгель (дзявочае прозвішча). На старонцы ў фэйсбуку ў яе напісана, што яна выпускніца Мінскага каледжа прадпрымальніцтва па спецыяльнасці «Банкаўская справа». Ва «ВКонтакте» напісана, што Анастасія таксама скончыла Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт эканомікі.
У пары ёсць сын Данік, які нядаўна пайшоў у школу. Калі меркаваць па сацыяльных сетках Анастасіі Ягоравай, сям’я часта вандруе — ААЭ, Казахстан, Турцыя, Расія. Наведвалі яны пасля 2020 года і Еўрасаюз, у прыватнасці, былі на адпачынку ў Тэнэрыфе. Да 2020 года паездкі ў Еўропу былі часцейшыя — Францыя, Італія, Іспанія.
У шапцы профілю Анастасіі Ягоравай у інстаграме стаіць спасылка на петыцыю супраць хатняга гвалту ў Расіі.
Паводле звестак Belpol, Анастасія Ягорава працавала ў «Белгазпрамбанку». Гэта пацвярджаюць даныя з сацыяльнай сеткі LinkedIn. Яна была ў структуры «Белгазпрамбанка» ад 2007 да 2020 года. Сыходзіла з пасады вядучага эканаміста. Гэта якраз тыя гады, калі банк узначальваў Віктар Бабарыка. Адтуль жонка чыноўніка перайшла на працу ў ІТ-кампанію SoftClub, бізнэс-аналітыкам.
Анастасія — ураджэнка Барысаглебска Варонежскай вобласці Расіі. Мае беларускае грамадзянства.
Бацька Аляксандра Андрэй Ягораў працуе дацэнтам кафедры вышэйшай матэматыкі і матэматычнай фізікі фізічнага факультэта БДУ. Ён родам з Ліды. Што да маці чыноўніка, то яна працавала інжынерам на «Гарызонце».
Чытайце таксама:
Што кажуць эканамісты і бізнэсмены пра Аляксандра Ягорава, новага топ-менеджара Лукашэнкі
Лукашэнка прызначыў банкіра намеснікам кіраўніка сваёй адміністрацыі