Расійскаму журналісту далі сем гадоў калоніі па справе аб «фэйках» у арміі. У апошнім слове ён на каленях папрасіў прабачэння ва ўкраінцаў
Крымінальную справу ў дачыненні да Іванова распачалі за тры публікацыі ў ягоным тэлеграм-канале.
06.03.2024 / 16:24
Раман Іваноў. Фота: Sota
Каралёўскі гарадскі суд Маскоўскай вобласці прысудзіў сем гадоў калоніі журналісту RusNews Раману Іванову, прызнаўшы яго вінаватым у распаўсюдзе «фэйкаў» пра расійскую армію. Падчас спрэчак бакоў дзяржаўны абвінаваўца прасіў суд прызначыць Іванову восем гадоў калоніі агульнага рэжыму, піша «Медуза».
Выступаючы ў судзе з апошнім словам, Раман Іваноў стаў на калені і папрасіў прабачэння ў жыхароў Украіны. «Я хачу папрасіць прабачэння ва ўсіх украінцаў, якім наша краіна прынесла гора», — сказаў журналіст.
Крымінальную справу ў дачыненні да Іванова распачалі за тры публікацыі ў ягоным тэлеграм-канале.
У адной з іх гаварылася, што ў Кіеўскай вобласці пасля адступлення расійскіх войскаў знайшлі целы забітых людзей, у другой — пра даклад ААН пра гуманітарную абстаноўку ва Украіне, у трэцяй паведамлялася са спасылкай на міністра абароны РФ Сяргея Шайгу, што Расіі не хапае ракет.
Рамана Іванова затрымалі ў красавіку 2023 года.
Раман — другі журналіст RusNews, асуджаны па артыкуле «аб фэйках» пра армію РФ. У лютым 2023 года па аналагічным абвінавачванні асудзілі журналістку RusNews Марыю Панамарэнку з Барнаула, якая атрымала шэсць гадоў калоніі. Справу супраць Панамарэнкі расследавалі з-за яе запісу аб авіяўдары па драмтэатры ў Марыупалі.