Лукашэнка зноў заявіў, што «наеўся працай», і патлумачыў, чаму ягоныя словы на выбарчым участку былі пустыя
Пасля сваёй заявы 25 лютага каля выбарчай урны, што ў 2025 годзе мае намер працягнуць тэрмін свайго кіравання далей, Лукашэнка вырашыў, што варта ўсё ж такі пакуль працягваць напускаць у гэтай справе фармальнага туману. Таму на сустрэчы з актывам Беларускага саюза жанчын 5 сакавіка ён быў ужо не такім катэгарычным.
05.03.2024 / 19:01
Аляксандр Лукашэнка. Фота: Аляксандр Лукашэнка 2024 фота Pavel Bednyakov, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP
Паводле прызнання Лукашэнкі, ён «разумее, што такое прэзідэнт для Беларусі пры такой уладзе», і хоць, акрамя яго самога, «людзей моцных дастаткова, але мы іх часам не бачым». Таму «лепш сініца ў руцэ, чым журавель у небе».
«Вы павінны ўбачыць свайго чалавека, які вас зможа абараніць і які не пашкадуе свайго жыцця, як бы гэта пафасна ні гучала. Прабачце, я пакуль гэтаму адпавядаю», — сказаў Лукашэнка.
Адносна сваёй зробленай на ўчастку заявы ён патлумачыў, што гэта, маўляў, не азначае, што ён ужо прыняў рашэнне.
«Хто там задаваў пытанне «пойдзеце на выбары?» Я там, не даслухаўшы, [адказаў]: «Пайду, пайду». Гэта не значыць, што я ўжо вырашыў і прыняў рашэнне. Я проста ім хацеў сказаць: «Так, пайду. Супакойцеся вы».
І тое, маўляў, што ён там сказаў, значэння не мае, бо «ўсё будзе залежаць ад таго, як мы падыдзем да гэтых выбараў».
«А раптам аб'явіцца чалавек, якому мы можам даверыць? Але ўсякае можа быць. Таму мы стварылі УНС, каб ведалі. Не для Лукашэнкі. Я вось наеўся ўжо вось так гэтай працай. Слухайце, гэта найцяжэйшая праца. Калі ты спаць кладзешся, думаеш пра гэта. Калі ты не спіш, думаеш пра гэта і прачынаешся раніцай ты зноў пра гэта», — звыкла для сябе паскардзіўся Лукашэнка.
Выказванні пра «натоленасць уладай» і «нетрыманне за яе» рэгулярна гучаць з вуснаў Лукашэнкі ледзь не з самых першых гадоў ягонага амаль трыццацігадовага кіравання.
Чытайце таксама: