Чым Пуцін давёў Макрона?

Францыя, як піша Le Monde, разглядае магчымасць дазволіць спецназу і іншым вайсковым фармаванням перасякаць мяжу Украіны. Пра тое, што нельга выключаць уводу войскаў у якасці падтрымкі Украіны, казаў і прэзідэнт Эмануэль Макрон. Чым выкліканы такія заявы? І пры чым тут Афрыка? «Наша Ніва» спытала ў аналітыка Аляксандра Фрыдмана.

05.03.2024 / 19:14

Уладзімір Зяленскі і Эмануэль Макрон. Фота: AP Photo/Thibault Camus, Pool

Макрон змяніў пазіцыю

Аляксандр Фрыдман адразу адзначае, што пазіцыя Францыі з часам змяняецца.

«На пачатку вайны ў Макрона была досыць стрыманая пазіцыя. Ён быў тым чалавекам, які тэлефанаваў Пуціну, імкнуўся дамовіцца і спыніць вайну. Але вера ў тое, што канструктыўныя размовы магчымыя, канчаткова знікла ў яго недзе напрыканцы 2022 года», — лічыць Фрыдман.

«Працяглы час Макрон не казаў, што Украіна павінна перамагчы, а Расія павінна прайграць. Напачатку былі развагі пра тое, што пасля завяршэння вайны нельга пакідаць Расію ў статусе ізгоя, як гэты было з Германіяй пасля Першай сусветнай вайны.

Ішла гаворка пра тое, што Расія нікуды не знікне і застанецца часткай Еўропы, што яе трэба будзе інтэграваць, бо добрыя адносіны з РФ у інтарэсах самой Еўропы».

Змены ў пазіцыі Макрона адносна Расіі Фрыдман звязвае з жаданнем Францыі пераламіць сітуацыю.

Уладзімір Пуцін. Фота: АР

«Францыя з яго пункту гледжання — гэта галоўная ваенная дзяржава ЕС. Што сапраўды так і ёсць. Гэта краіна з моцнай арміяй і ядзернай зброяй. Таму Макрон і бярэ на сябе гэтыя флагманскія функцыі. Маўляў, разлічваць на ЗША не даводзіцца, таму мы як Еўропа павінны дапамагчы Украіне», — тлумачыць Фрыдман.

Наяўнасць ядзернай зброі ў арсенале Францыі дае ёй пэўныя перавагі ў параўнанні з іншымі краінамі Еўропы.

«Аргументы Расіі, якімі яна, напрыклад, можа запалохваць Германію, не падыходзяць для Францыі. У адказ на расійскую ядзерную рыторыку Макрон неаднаразова падкрэсліваў, што ў іх таксама ёсць ядзерная зброя, хоць і ў не такой колькасці».

Пуцін зайшоў не на той кантынент

Сярод іншых чыннікаў, якія маглі паўплываць на Макрона, Фрыдман называе ўмяшальніцтва Расіі ў справы былых французскіх калоній на афрыканскім кантыненце. Гісторык адзначае, што адносіны з былымі калоніямі ўсё адно застаюцца асаблівымі для Францыі. Калі там нешта адбываецца, то Францыя павінна ўмяшацца, як гэта ўжо неаднаразова было падчас розных дзяржаўных пераваротаў.

Фрыдман адзначае, што на пачатку прэзідэнцтва Макрона былі размовы пра вывад супрацоўніцтва з афрыканскімі краінамі на новы партнёрскі ўзровень. Але ўсё гэта было страчана.

«Безумоўна, нельга казаць пра нулявы ўплыў Францыі на афрыканскім кантыненце, але ў тых краінах, дзе былі прафранцузскія рэжымы (Малі, Нігер, Буркіна-Фасо), цяпер пануюць вагнераўцы. Ідзе расійская дамінацыя, Расія імкнецца паставіць пад свой кантроль рэсурсы, выцесніўшы адтуль Францыю».

У якасці прыкладу Фрыдман прыводзіць Нігер з яго ўранам, здабычу якога кантралявалі французскія канцэрны.

Гэты фактар з’яўляецца важным для атамнай энергетыкі Францыі, таму аналітык лічыць, што падзеі ў Афрыцы таксама маглі паўплываць на стаўленне Макрона да Расіі.

«Францыя сапраўды абурана тым, што РФ паспяхова робіць у былых французскіх калоніях. Гэта з’яўляецца дадатковай матывацыяй для барацьбы з Расіяй», — лічыць Фрыдман.

Пшанічнае пытанне і след у гісторыі

Таксама аналітык звяртае ўвагу і на іншыя эканамічныя чыннікі. 

«Калі дапусціць, што Расія пераможа ва Украіне, то пад яе кантролем апынецца больш за 30% рынку пшаніцы. У такім выпадку РФ атрымае магчымасць сур’ёзна ўплываць на харчовую бяспеку ва ўсім свеце».

Фрыдман кажа, што, паколькі адных толькі паставак зброі Украіне недастаткова, каб перамагчы Расію, у галаву прыходзяць іншыя ідэі, якія Францыя можа сабе дазволіць ажыццявіць.

Эмануэль Макрон. Фота: AP/Alex Brandon

Пры гэтым Фрыдман не выключае, што можа адбыцца так, што Францыя будзе рабіць нейкія крокі ў гэтым кірунку самастойна.

«Макрону амаль няма чаго губляць, бо ён больш не будзе балатавацца, паколькі гэта ўжо яго другі тэрмін. Ён якраз той чалавек, які зацікаўлены ў тым, каб пакінуць след у гісторыі.

Макрон не хоча ўвайсці ў гісторыю як прэзідэнт, які ўсё прайграў на знешнепалітычнай арэне, бо Францыя з’яўляецца краінай з велізарнымі замежнапалітычнымі амбіцыямі, якія не ідуць ў параўнанне нават з Германіяй», — лічыць Аляксандр Фрыдман.

Чытайце таксама: 

Францыя разглядае магчымасць дазволіць спецназу і іншым вайсковым фармаванням перасякаць мяжу Украіны — Le Monde

Францыя першай у свеце афіцыйна замацавала права на аборт у Канстытуцыі

Чатыры краіны НАТА не выключылі адпраўкі сваіх войскаў ва Украіну

Даніла Луцкевіч