Сёння ў Мінску пройдзе дабрачынная экскурсія, прысвечаная Змітраку Бядулю

Экскурсія з’яўляецца дабрачыннай — заробленыя грошы будуць пералічаны на спецыяльны рахунак для стварэння надмагільнага манумента класіку.

02.03.2024 / 09:12

«Беларуская хатка» размешчана непадалёк ад станцыі «Інстытут культуры». Фота: holiday.by

Музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае сёння на экскурсію, прысвечаную аднаму са знакамітых гаспадароў музея «Беларуская хатка» (Рабкораўская, 17, раён Інстытута культуры) — класіку беларускай літаратуры Змітраку Бядулю.

Разам з сёстрамі Рэняй і Геняй ён пражыў у гэтым доме з 1915 па 1918 гады. Тут у кастрычніку 1916 года Бядуля даў прытулак ужо хвораму Максіму Багдановічу, саступіўшы яму самы вялікі пакой.

Музей прапануе падарожжа па экспазіцыі дома-музея, названага ў гонар клуба мінскай інтэлігенцыі «Беларуская хатка», сябрамі якога былі Максім Багдановіч, Змітрок Бядуля і іншыя дзеячы беларускай культуры.

«Шмат што перажыў і памятае гэты будынак. Мноства даўніх падзей, шчымлівых успамінаў, хвалюючых гісторый гатова паўстаць тут скрозь заслону часу і загучаць для тых, хто хоча слухаць…

На экскурсіі вы больш даведаецеся пра Змітрака Бядулю як таленавітага пісьменніка, чые творы былі ўзгадаваныя на беларускай глебе, напітаныя фальклорна-міфалагічнымі крыніцамі, напоўненыя любоўю да роднай зямлі і беларускага народа. Вы адкрыеце для сябе Змітрака Бядулю як актыўнага ўдзельніка літаратурна-грамадскага руху пачатку XX ст. у Мінску», — гаворыцца на старонцы музея.

Экскурсія з’яўляецца дабрачыннай — заробленыя грошы будуць пералічаны на спецыяльны рахунак, дзе акумулююцца сродкі на стварэнне надмагільнага манумента класіку.

Чытайце таксама:

Стала вядома, як будзе выглядаць надмагілле Змітрака Бядулі

«Жонка была вышэйшая на дзве галавы. На вуліцу стараліся ісці паасобку». Невядомыя факты пра Змітрака Бядулю

Змітрака Бядулю перапахавалі ў Мінску пад праваслаўным крыжам і рускамоўнай шыльдачкай ФОТА

Nashaniva.com