У выніку новай атакі дронаў ёсць ахвяры ў Адэсе і Харкаўскай вобласці
Начны ўдар па Адэскай вобласці быў нанесены васьмю дронамі-камікадзэ тыпу Shahed-131/136, піша Бі-бі-сі.
02.03.2024 / 07:59
Фота: Суспільне. Адэса
«На працягу гадзіны падраздзяленні СПА ў інтэнсіўным рэжыме адбівалі гэтую атаку. Сем цэляў знішчана, — сказана ў зводцы. — Адзін з дронаў падчас манеўраў сярод жылых кварталаў Адэсы трапіў у дзевяціпавярховы будынак у спальным раёне. Частка пад'езда з 18 кватэрамі разбураная».
Улады паведамілі, што загінулі два чалавекі і сем чалавек не выходзяць на сувязь, сярод якіх цяжарная жанчына і маленькае дзіця.
Працягваецца пошукава-выратавальная аперацыя. Паводле папярэдніх звестак, пад заваламі могуць быць людзі.
«Густанаселены раён. Тут проста жах. На месцы працуюць ратавальнікі, муніцыпальныя і аварыйныя службы. Вядуцца разборы завалаў», — паведаміў мэр Генадзь Труханаў.
«Таксама пашкоджаныя інжынерныя сеткі і кацельня, суседнія дамы адключаныя ад ацяплення», — дадаў Труханаў.
Кіраўнік абласной адміністрацыі Алег Кіпер удакладніў, што сем чалавек атрымалі раненні, у тым ліку дзіця і цяжарная жанчына.
У пасёлку Вялікі Бурлук у Харкаўскай вобласці ў выніку атакі беспілотнікаў загінуў 76-гадовы мужчына, паведаміла абласное ўпраўленне паліцыі.
Паводле інфармацыі паліцыі, каля 00:10 адбылося траплянне БПЛА тыпу Shahed у прыватнае домаўладанне, дом загарэўся. З-пад завалаў дасталі загінулага гаспадара дома, дом цалкам разбураны.
Чытайце таксама:
У вайне пераможа той, у каго будзе больш снарадаў. Ці можа гэта быць Украіна?
Саюзнікі збіраюцца перадаць Украіне тысячы дронаў са штучным інтэлектам
Як беларусы дапамагалі аснашчаць расійскую вайсковую машыну заходнім абсталяваннем