У Брэсце ўрачыста здалі два дамы для вайскоўцаў. Ключы ўручаў міністр Хрэнін
Хрэнін нагадаў навасёлам аб неабходнасці дзякаваць Лукашэнку і паабяцаў будаўніцтва яшчэ 4 тысяч кватэр у бліжэйшыя некалькі гадоў.
01.03.2024 / 17:52
Фота: mil.by
Знаходзяцца дамы па адрасе вуліца Грыбаедава, 14 і 14А. Усяго там пабудавана 143 кватэры. Ключы ад арэнднага жылля атрымалі сем'і вайскоўцаў і персаналу мясцовага гарнізона. Дзяржаўныя СМІ паведамлялі, што ў кватэрах зроблены рамонт, добраўпарадкавана прылеглая тэрыторыя, пастаўлены дзіцячыя пляцоўкі. Прадугледжана нават сістэма відэаназірання за ўваходамі ў пад'езды і прылеглай тэрыторыяй.
У сваёй прамове старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка радасна адзначыў:
— Гэта жыллё пабудавана для вас грамадзянскімі будаўнікамі. Сёння Брэсцкая вобласць справілася з задачай і больш за ўсіх сярод абласцей пабудавала жылля менавіта для сем'яў ваеннаслужачых. Мы пабудавалі 1272 кватэры, з іх 709 — гэта непасрэдна для вайскоўцаў.
Перад тым, як перарэзаць чырвоную стужку, міністр абароны Віктар Хрэнін падкрэсліў: «Прыярытэтам палітыкі нашай дзяржавы з'яўляецца клопат аб вайскоўцах». Ён таксама нагадаў, што за жылыя метры вайскоўцы павінны быць удзячныя асабіста Лукашэнку.
Нагадаем: напрыканцы 2022 года на нарадзе Лукашэнка заявіў, што людзі ў пагонах (разам са шматдзетнымі) павіны быць першымі ў чарзе на кватэры. І вось як ён гэта аргументаваў:
— Ваеннаслужачыя, як і дзяржаўныя служачыя, у нейкай ступені дактары, настаўнікі, — гэта бюджэтнікі, якія выконваюць найважнейшыя для краіны функцыі. І яны маюць права разлічваць на падтрымку дзяржавы. Гэтыя прафесіі выбіраюць не з-за вялікіх заробкаў, а па прызванні, клічы сэрца, зыходзячы з высокіх маральных прынцыпаў і патрыятызму (прынамсі, з гэтага трэба зыходзіць). Назапасіць на сваю кватэру маладому спецыялісту ў гэтых сферах немагчыма.
Пры гэтым, Лукашэнка ўпэўнены, што ў вайскоўцаў больш складаная сітуацыя, чым у дактароў ці настаўнікаў. Таму што ў гэтых бюджэтнікаў існуе магчымасць дадатковага заробку апроч асноўнага віду дзейнасці (напрыклад, рэпетытарства), а вайскоўцы ў адпаведнасці з заканадаўствам не павінны займацца якім-небудзь бізнэсам.
У 2023 годзе з’явіўся ўказ, паводле якога вайскоўцы могуць бясплатна атрымаць ва ўласнасць арэнднае жыллё, у якім пражывалі. Галоўная ўмова — 25 каляндарных гадоў выслугі.
Праз 20 гадоў выслугі сілавікі могуць выкупіць арэнднае жыллё па ацэначным кошце, але не вышэйшым за рыначны. Аплачваць дазваляецца ў растэрміноўку на 15 гадоў.
Меркаванні каментатараў пад відэа з уручэннем ключоў у тыктоку падзяліліся. Пакуль адны задавалі рытарычныя пытанні, калі ж так пачнуць выдаваць кватэры дактарам ці настаўнікам, іншыя абураліся: «А вайскоўцы што, не простыя людзі?! А хто першым складзе галовы, калі вы ўсё ў Польшчу ўцячэце?!»
Чытайце таксама:
Міністр абароны Хрэнін прыватызаваў апартаменты ў цэнтры Мінска. Вядома, з рублёвай растэрміноўкай
Хрэніна ўзнагародзілі ордэнам за барацьбу супраць каланіялізму