«Дзюна: частка другая» — блакбастар, ідэальны да скрыгату ў зубах
Адзін са шматабяцальных блакбастараў года коштам у 190 мільёнаў даляраў, складаная гісторыя, якой дасць рады не кожны глядач. На экраны выходзіць «Дзюна: другая частка», і кіно такога ўзроўню ў Беларусі паказваюць нячаста.
03.03.2024 / 16:16
Скрыншот трэйлера «Дзюна 2»
Кінасусвет «Дзюны» (першая частка ў кіно выйшла ў 2021-м) паўстаў з серыі кніг амерыканскага фантаста Фрэнка Герберта, які перанёс у далёкую будучыню заўжды актуальныя праблемы барацьбы за ўладу, сталення і прыняцця сваёй сутнасці.
Ёсць шляхетны Дом Атрэйдэсаў, сям’я, якая кіруе планетай Каладан, і да яе належыць галоўны герой — малады герцаг Пол Атрэйдэс. Сям’і перадаюць у валоданне планету Аракіс, што раней належала іншай сям’і, Дому Харканенаў. Але Харканены — не адзіная ўлада на Аракісе, бо яны змагаюцца за планету з народам фрэмэнаў. Ды і планета не такая простая: гэта адзінае месца ў сусвеце, дзе можна знайсці спецыю меланж, якая падаўжае чалавечае жыццё і дае магчымасць падарожнічаць паміж зорамі. Яшчэ адзін кампанент жыцця на Аракісе — бясконцая пустыня і велізарныя пясчаныя чарвякі, што жывуць у ёй.
Падчас першай «Дзюны» сілы Харканенаў перамагаюць уладу Атрэйдэсаў. Пол і яго маці, лэдзі Джэсіка, збягаюць і далучаюцца да фрэмэнаў, бацька Пола не здольны ўратавацца.
Тут мы іх і знаходзім у пачатку другой часткі. Малады герцаг (Цімаці Шаламэ) поўны жадання змагацца за фрэмэнаў і мір на планеце, ён асвойвае жыццё ў пустыні і знаходзіць сярод новых сяброў каханую, прыгажуню Чані (Зендэя). У рэлігіі фрэмэнаў ёсць жанчыны-святарніцы, і ледзі Джэсіку пераконваюць зрабіцца адной з іх лідарак, прападобнай маці. Яна верыць у тое, што Пол — месія, прарок Лісан аль-Гаіб, якога чакаюць фрэмэны, і хоча перадаць гэтую веру як мага большай колькасці людзей.
Але ці верыць у гэта сам юны Атрэйдэс? Стужка не дае адказу на тое, месія ён ці не, аднак разам з Полам мы самі шукаем гэты адказ. Ці гонар — быць выбраным, калі дзеля гэтага адмаўляешся ад простага і шчаслівага жыцця, ад каханай і чалавечых пачуццяў? Здаецца, шлях маладога Атрэйдэса — гэта і ў нечым гісторыя ператварэння ў монстра.
Рэклама «Дзюны: другой часткі» на Таймс-сквер у Нью-Ёрку. Фота: Craig T Fruchtman / Getty Images
У другой «Дзюне» шыкоўная візуальная частка, і гэта заўважаеш з першых кадраў: пустынныя прасторы, містычныя храмы і высокія скалы — асалода для вачэй. Пры гэтым рэжысёр Дэні Вільнёў не імкнецца раскрываць персанажаў праз дыялогі, у стужцы мала вялікіх гутарак. Замест гэтага там манументальныя кадры, знятыя ў тым ліку ў аравійскіх і іарданскіх пустынях, што быццам мусяць даць гледачу прастору для сваёй інтэрпрэтацыі фільму.
Дадайце да гэтага шмат гвалту, збольшага з боку Харканенаў, і экшн: захоплівае дух, калі бачыш, як юны Пол едзе верхам на пясчаным чарвяку, як Фейд-Раўта, малодшы пляменнік галоўнага Харканена, змагаецца на гіганцкай арэне, і як адбываецца ў фінале стужкі галоўная яе сутычка. Саўндтрэкам да фільма, як і ў першай частцы, займаецца геніяльны Ханс Цымер, то і гэты элемент у стужцы ўдалы.
Візуал, экшн, баі, каханне і смерць — што яшчэ трэба для блакбастара? Кіно такога жанру і атрымалася ў канадца Дэні Вільнёва, які абяцае зняць і трэцюю частку. Але нездарма «Дзюну» лічаць цяжкай для экранізацыі: ёсць адчуванне, што ў сутычках з пясчанымі чарвякамі ды байцамі Харканенаў моцна пацярпела філасофская частка гісторыі, бо Герберт пісаў «Дзюну» шмат у чым як філасофскі раман.
Шматмільённым блакбастарам нікога не здзівіш, хаця Вільнёў здольны і на больш цікавыя рэчы. Паглядзіце, калі не бачылі, яго «Прыбыццё» 2016 года — інтэлектуальную стужку пра кантакт з іншапланецянамі, навуку, час, каханне і мір. Або «Бягучага па лязу брытвы 2049», зноў жа візуальна яскравую карціну, працяг гісторыі «Ці мараць андроіды пра электраавечак?» ад брытанскага генія фантастыкі Філіпа К. Дыка.
Не, «Дзюна: частка другая» таксама мае філасофскую частку, згадаем хаця б словы ледзі Джэсікі, што страх — маленькая смерць. Але ж глыбіня і філасофія ў гэтая гісторыі надта элементарныя і перамешаныя з баямі і рытуаламі, быццам бы Вільнёў баіцца напружыць гледача. Вам гэта падыходзіць? Купляйце білет.
Чакаем «Дзюну: другую частку» ў беларускіх кінатэатрах у сярэдзіне сакавіка.
Чытайце таксама:
Працяг нашумелай сагі «Дзюна»: што пакажуць у новым фільме і каго з персанажаў мы пабачым?
Новы «Джокер», «Небаракі» і другі «Гладыятар»: топ-10 фільмаў, якія выйдуць у 2024-м
Былыя акцёры Купалаўскага тэатра прэзентавалі свой першы фільм — эмбіентную камедыю