У Гродне мужчына прынёс кветкі і фота Навальнага да консульства Расіі. Яго судзілі
Мужчына прыехаў на таксі да генконсульства Расіі ў Гродне. Ён паклаў ля плота консульства фота памерлага ў ПК Аляксея Навальнага і дзве гваздзікі. Таксама ён зрабіў фота. У гэты час ля консульства дзяжурыла міліцыя. Мужчыну затрымалі і судзілі за пікетаванне. Рашэнне з’явілася ў банку судовых рашэнняў. Прозвішчы і дакладныя даты невядомыя, піша Hrodna.life.
29.02.2024 / 12:47
Ілюстрацыйны здымак. Фота: Beata Zawrzel / NurPhoto via Getty Images
Справу разглядалі ў судзе Ленінскага раёна 20 лютага паводле ч.1 арт. 24.23 КаАП «Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў». Мужчына нібыта парушыў закон «Аб масавых мерапрыемствах», паколькі пікетаваў без дазволу Гродзенскага гарвыканкама.
Яму далі 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Мужчына прызнаў віну.
Дакладна невядома, усклаў кветкі беларус ці расіянін. Яго асабістыя звесткі, узрост і месца нараджэння ананімізаваныя. Вядома, што ў яго сярэдняя адукацыя, ён жанаты, не працуе, да адміністрацыйнай адказнасці не прыцягваўся. Пражывае ў Расіі.
Інфармацыя пра смерць расійскага палітыка Аляксея Навальнага ў папраўчай калоніі «Полярный волк» з’явілася 16 лютага. Па афіцыйнай версіі, яму стала дрэнна пасля прагулкі. Толькі 24 лютага цела перадалі яго маці. 1 сакавіка плануецца правесці пахаванне палітыка.
Чытайце таксама:
Навальны ведаў пра падрыхтоўку абмену і даў згоду на яго — Reuters