Мінскэнерга не будзе адключаць ацяпленне ў кватэрах, нягледзячы на адносна цёплае надвор'е

Аднак тэмпературу ў батарэях скарэктуюць.

29.02.2024 / 10:14

Нягледзячы на пацяпленне, філіял «Мінскія цеплавыя сеткі» РУП «Мінскэнерга» не будзе адключаць ацяпленне ў кватэрах і на аб'ектах сацыяльнай сферы, паведамляе тэлеграм-канал ведамства.

Сталічныя цепласеткі працягнуць падтрымліваць тэмпературу цепланосьбіта, якая адказвае сацыяльным нормам. Каб жыхары камфортна сябе адчувалі і не было перагрэву батарэй, на час пацяплення тэмпературу вады ўнутры ацяпляльных прыбораў скарэктуюць з тэмпературным графікам.

«Аднак адключэння ацяплення спажыўцоў на перыяд пацяплення да афіцыйнага завяршэння ацяпляльнага сезона вырабляцца не будзе», — гаворыцца ў паведамленні.

У Мінскэнерга нагадалі, што рашэнне пра тое, каб завяршыць ацяпляльны сезон, прымаюць абл-, рай– і гарвыканкамы. Пры гэтым яны ўлічваюць прагнозы Белгідрамета. У Мінску ж адключэнне ацяплення ажыццяўляецца толькі па рашэнні Мінгарвыканкама.

У жылым фондзе прыпыняюць ацяпленне звычайна пры ўсталяванні сярэднясутачнай тэмпературы вонкавага паветра +8°C, якая павінна трымацца трое сутак. У сацыяльнай сферы (бальніцы, дзіцячыя сады, школы) спыняюць тапіць, калі на працягу такога ж часу тэрмометры паказваюць +10°C.

Чытайце таксама:

Ацяпленне зараз у Беларусі будуць уключаць хутчэй

Пасля зімовай спячкі ў Беларусі ўжо прачнуліся кляшчы

Мінчанка здала кватэру і сышла ў мінус на 1000 рублёў

Nashaniva.com