«Хутка абавяжуць ставіць відэакамеры на нашых кухнях і ў спальнях». Беларусы выказаліся пра новаўвядзенні ў таксі

У працы таксі ў Беларусі неўзабаве чакаюцца сур'ёзныя змены. Чыноўнікі вырашылі, што відэакамеры ў машынах «прывядуць да пэўнай дысцыпліны і кіроўцаў, і пасажыраў». Чытачы выдання Ex-press.by з Барысава і Жодзіна падзяліліся сваімі меркаваннямі адносна гэтых новаўвядзенняў.

28.02.2024 / 17:55

Здымак ілюстрацыйны

Таццяна:

«Камеры цяпер усюды, і яны зусім не робяць жыццё бяспечнейшым. А тут яшчэ для таксі хочуць увесці відэафіксацыю з захоўваннем запісаў і доступам да іх кантрольных і праваахоўных органаў. Я ціхі мірны чалавек, але не хачу, каб мяне здымалі на відэа падчас паездкі ў таксі. А кіроўцы? Усю сваю змену яны будуць думаць пра тое, што іх здымае камера? І пагаварыць з таксістам нельга будзе…»

Алена:

«Падумала, што таксістаў-блогераў стане цяпер вельмі шмат. Будзем глядзець сябе ў іх інстаграмах і тыктоках. Мой муж быў у Расіі на заробках, вяртаўся дадому праз Маскву, там яго зняў таксіст і выклаў у інтэрнэт. Муж, вядома, быў п'яны і не заўважыў. А відэа мне жанчыны на працы паказалі. А здавалася: дзе Масква, а дзе Жодзіна. Добра, хоць не папулярнае відэа было…»

Аляксандр:

«Ды калі б толькі відэа было праблемай, якая нам пагражае. Працую ў таксі 10 гадоў на сваёй машыне. Мог зарабляць і сям'ю ўтрымліваць, але цяпер стала складаней. Цяпер усякія пошліны і рэестр платны прыдумалі, тарыфы на паездкі вырастуць, людзі менш ездзіць будуць. І наогул, на рынку таксі ўжо не будзе, як раней. Трэба працу шукаць нармальную… або выязджаць чым падалей. Дзеці ўжо ў Польшчы, цяпер з жонкай думаем, што нам рабіць».

Ягор:

«Некалькі месяцаў таму пачаў працаваць у адміністрацыі, скажам так, новай фірмы таксі. Думалі развівацца, а тут гэты праект дурны. Акрамя таго, што па будучых правілах у кожным аўтамабілі таксі ўсталююць камеры відэаназірання, трэба будзе заплаціць за рэестр, які ўлічыць усіх таксістаў. Кожнае аўто — гэта дзве базавыя велічыні, гэта значыць цяпер гэта 74 рублі. Яшчэ базавую за кожнага кіроўцу і па сто базавых велічынь за дыспетчараў. Карацей, нам, хутчэй за ўсё, прыходзіць канец. Нават прыбытку нармальнага яшчэ не было».

Вольга:

«Адчуваю, гарадскія аўтобусы зноў будуць бітком… Але вы ж ведаеце, якія ў Жодзіне аўтобусы. Я сама не хачу ў таксі з відэа. Разумею, што не ўсе такія гідлівыя, але беларусы будуць хадзіць пешшу або перасядуць на грамадскі транспарт. Таму што на таксі будзе дорага… А калі гэты законапраект уступіць у сілу, то нікому няма сэнсу ездзіць і працаваць у таксі…

Для пасажыраў будзе дорага. А як дорага для таксістаў! Таму што фірме трэба ў аўтамабілі паставіць два відэарэгістратары, каб уключыцца ў рэестр, трэба заплаціць 100 базавых велічынь — 3700 рублёў. Яшчэ і пошліны за кожную машыну і кіроўцу — гэта ўжо салідная сума. Якая невялікая фірма гэта вытрымае. Ці ўсё на карысць «Яндэкса»?»

Марына:

«Прывядзе да пэўнай дысцыпліны і кіроўцаў, і пасажыраў» — гэта ж маразм. Абавязкова хтосьці з людзей пацерпіць, вядома. Для гэтага ж новаўвядзенне — для штрафаў, каб менш свабоды ў людзей было. Хутка абавяжуць на нашых кухнях і ў спальнях відэакамеры з трансляцыямі ў міліцыю ўсталёўваць».

Чытайце таксама:

Кіраўнік вядомай у мінулым страхавой фірмы пяты год працуе таксістам у Мінску

«Чаму прыватнікам не далі працаваць?» Жодзінец распавёў, як за год змяніліся маршруткі на Мінск

Як маршрутны бізнэс прагінаюць пад дзяржаўныя аўтапаркі

Nashaniva.com