Польская паліцыя расказала, як затрымала чалавека, што падазраецца ў згвалтаванні беларускі ў Варшаве
Супрацоўнікі паліцыі з варшаўскага раёна Сьрудмесце затрымалі 23-гадовага хлопца, які падазраецца ў нападзе з нажом на 25-гадовую беларуску і яе згвалтаванні. Пакалечаная жанчына цяпер знаходзіцца ў рэанімацыі.
27.02.2024 / 23:11
Фота: srodmiescie.policja.gov.pl
Супрацоўнікі паліцыі прыбылі на месца злачынства праз некалькі хвілін пасля таго, як аголеную жанчыну без прытомнасці знайшоў на лесвіцы наглядчык будынка. Яны выклікалі хуткую дапамогу, а пакуль тая не прыехала, аказалі пацярпелай жанчыне першую дапамогу.
З-за жорсткасці гэтага злачынства выяўленне і затрыманне злачынцы было прыярытэтнай задачай для ўсіх супрацоўнікаў паліцыі, якія займаліся гэтай справай.
23-гадовага хлопца высачылі і схапілі, калі ён выходзіў з дома, дзе здымаў кватэру. Ён быў настолькі ўражаны, што не супраціўляўся. Падчас агляду памяшкання, дзе падазраваны жыў, паліцыянты знайшлі і канфіскавалі ў тым ліку вялікі кухонны нож і балаклаву, якія выкарыстоўваліся пры здзяйсненні злачынства. Ужо вядома, што зламыснік забраў у ахвяры два мабільныя тэлефоны, некалькі плацежных картак і кашалёк. Усе гэтыя рэчы паліцыя канфіскавала.
У ходзе расследавання падазраванаму выставілі абвінавачанне ў разбоі, сэксуальным злачынстве і замаху на забойства з небяспечнай зброяй. За гэтыя злачынствы, згодна з польскім Крымінальным кодэксам, мужчыну цяпер пагражае да 25 гадоў або нават пажыццёвае зняволенне.
Чытайце таксама:
Для падтрымкі згвалтаванай і пакалечанай у Варшаве беларускі адкрылі дабрачынны збор
Беларуску згвалтавалі і спрабавалі задушыць у цэнтры Варшавы