Жывая легенда Мінска: што чуваць у жанчыны, якая шмат год спявае пра Ісуса?

Ёсць у гэтым свеце рэчы, якія застаюцца нязменнымі, што б ні адбывалася навокал. Гучныя песні пра Ісуса недзе побач з мінскім метро, якія выконвае знаёмая амаль кожнаму жыхару сталіцы жанчына, — адна з такіх. Што чуваць пра легендарную вулічную спявачку, якая ніколі не просіць грошы?

02.03.2024 / 20:15

Легенда мінскіх вуліц — спявачка Валянціна. Скрыншот відэа ў тыктоку 

Пазітыўная жанчына пагадзілася на інтэрв’ю тыкток-блогеру, які вядзе акаўнт пад нікам belrels. Яна распавяла, што ёй 65 гадоў, некалі раней працавала артысткай — спявала ў хоры. Але аднойчы ранкам раптоўна зразумела, што нешта змянілася ў яе жыцці.

— Я ўстала, іду да ўмывальніка — у інтэрнаце справа была, — думаю: што гэта са мной? У мяне ў душы такая радасць.

У той момант жанчыне было 33 гады. Валянціна (раней у СМІ была інфармацыя, што спявачку клічуць так) лічыць, што менавіта тады прыйшла да веры ў Ісуса. На пытанне, што робіць яе шчаслівай, упэўнена адказвае:

— Толькі вера ў Бога. У мяне вунь суседзі багатыя, там і машына, і ўсё… Але ніякага кахання няма, мацюкі.

— Вы такая энергічная, — зрабіў камплімент блогер.

— Проста Ісус дае радасць. Крышачку паспяваю — і здаецца, дзень нездарма пражыты. Яны мяне лічаць вар’яткай. А я гляджу: ну чым вы ганарыцеся? У мяне вунь боцік глядзі які. А я шчаслівая. Набуду новы. Мала грошай маю, але я жыву без нуды.

На пытанне, ці хацелася б змяніць нешта ў сваім жыцці, калі б была магчымасць вярнуць час, Валянціна кажа:

— Не, вы што. Я толькі шкадую, чаму ў 33, а не раней уваскрэсла. Я ж кажу, была салісткай у хоры, глядзела на ўвесь гэты жах. На сцэне адно, за кулісамі іншае. Калі ў камандзіроўках ні жонак, ні дзяцей — распуста, усё такое.

Валянціна распавяла і пра тое, як людзі ставяцца да яе спеваў:

— Па-рознаму. Міліцыянеры мне ўсміхаюцца. А адзін апантаны крычыць ім: «Забярыце яе, зачыніце яе!»

За два дні відэа сабрала амаль 630 тысяч праглядаў і сотні каментарыяў. Большасць з каментатараў у захапленні ад незвычайнай мінчанкі: «Я ў школу ездзіла, а яна спявала на Камароўцы. Мне цяпер 30, а яна ўсё яшчэ спявае. І нават не змянілася», «Аказваецца, яна проста чалавек, які не саромеецца меркавання чужых і робіць, што ёй падабаецца, ад гэтага і шчаслівая, пакуль навокал усе пахмурныя і незадаволеныя», «У метро яе бачыў. Пасля гэтага інтэрв'ю разумею, што гэта яна самая адэкватная, а не мы. Рэспект гэтай жанчыне!».

@nashaniva Жывая легенда Мінска: Што за жанчына спявае пра Ісуса каля метро #Минсксейчас #певица #минск #нашаніва #беларусьновости #новостибеларуси #ктоэто ♬ Solas X Interstellar - Gabriel Albuquerqüe

 Чытайце таксама:

Легендарную «Бярозку» канчаткова русіфікавалі

«Перасталі быць качэўнікамі і аселі на зямлі». Выдавец Янушкевіч прэзентаваў новую кнігарню і расказаў пра перспектывы бізнэсу

«Легендарная яма. Дзед пра яе расказваў». У Маладзечне машына правалілася пад асфальт

Nashaniva.com