Сікорскі прыгожа высмеяў прадстаўніка Расіі ў ААН
Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі славіцца сваёй рэзкасцю. 22 лютага на пасяджэнні Рады Бяспекі ААН ён быў асабліва ва ўдары.
26.02.2024 / 17:16
Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі. Фота: Maxym Marusenko / NurPhoto via Getty Images
На пасяджэнні Рады Бяспекі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый 22 лютага пастаяннаму прадстаўніку Расіі ў ААН Васілю Нябензю адказаў міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі.
«Ён [прадстаўнік Расіі] называе іх [украінцаў] нацыстамі. Аднак прэзідэнт Украіны — яўрэй, міністр абароны — мусульманін, і ў іх няма палітычных зняволеных. Ён кажа, што Украіна загразла ў карупцыі. Што ж, Аляксей Навальны задакументаваў, наколькі чыстая і празрыстая Расія.
Ён абвінавачвае ЗША ў неакаланіялізме. Аднак гэта не ЗША, а Расія спрабавала выкараніць украінскасць у ХІХ стагоддзі, пасля тое самае спрабавалі бальшавікі, і цяпер мы назіраем трэцюю спробу».
Расія абвінавачвае ўсіх у «русафобіі», дадаў Сікорскі, але страх перад Расіяй не ірацыянальны.
«Расія абвінавачвае нас у тым, што нас «ахапіла русафобія», але фобія — гэта ірацыянальны страх. Тым часам былы прэзідэнт Расіі і пуцінскія прапагандысты амаль штодня пагражаюць нам ядзерным апакаліпсісам…. Расія сама пагражае нам знішчэннем, вы хочаце, каб мы гэтаму не верылі?» — сказаў Радаслаў Сікорскі.
Міністр замежных спраў Польшчы пракаментаваў таксама апошнія экскурсы Пуціна ў гісторыю расійска-польскіх адносін:
«Ён дагаварыўся нават да таго, што Польшча напала на Расію падчас Другой сусветнай вайны. Што ён вярзе? Гэта Савецкі Саюз напаў на Польшчу разам з нацысцкай Германіяй 17 верасня 1939 года. Арганізавалі нават сумесны парад перамогі 22 верасня. Кажа, што Расія заўсёды толькі супраціўлялася агрэсіі. Тады што рабілі расійскія войскі ля варотаў Варшавы ў верасні 1920 года? Былі на «тапаграфічнай экскурсіі»? У рэальнасці на адно ўварванне ў Расію прыпадае дзесяць яе ўварванняў у іншыя краіны», — грымеў Сікорскі.
«Ён кажа, што [ва Украіне] ідзе вераломная вайна па заказе Захаду. «Я раю вам [Расіі]: не трапляйце ў пастку, расстаўленую Захадам, выведзіце свае войскі за міжнародна прызнаныя межы», — іранізаваў Сікорскі і працягнуў:
«І нарэшце ён кажа: «Мы спрабуем пераканаць Захад, што Расію нельга перамагчы». Расія не выйграла Крымскай вайны, не выйграла расійска-японскай вайны, не выйграла Першай сусветнай вайны, не выйграла бітвы за Варшаву [у час польска-савецкай вайны 1920 года]. Яна не перамагла ў Афганістане і не выйграла халоднай вайны. Але ва ўсім тым быў і пазітыў: пасля кожнай паразы [ў Расіі] праводзіліся рэформы».
«Такая дэмагогія, — дадаў польскі міністр, — не годная пастаяннага члена Рады Бяспекі ААН. Але чаго дасягнуў пастаянны прадстаўнік, дык гэта нагадаў нам, чаму мы супраціўляліся савецкаму панаванню. І чаму Украіна супраціўляецца цяпер».
«Ім не ўдалося нас паняволіць тады, ім не ўдасца паняволіць Украіну і нас цяпер».
У сацсетках з'явілася нямала захопленых рэакцый на такі выступ міністра Сікорскага.
Амерыканскі гісторык Цімаці Снайдэр нагадаў, што «веданне гісторыі дапамагае. Гэта дае пачуцце годнасці і ўпэўненасці сярод прапаганды вайны і генацыду. Міністр замежных спраў Польшчы Сікорскі дэманструе гэта тут, у ААН».
Вольфганг Ішынгер (Wolfgang Ischinger), былы нямецкі дыпламат і былы кіраўнік Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, напісаў: «Брава, Радэк. Вы апраўдалі нашы чаканні».
Чытайце яшчэ:
«Сітуацыя з рэпрэсіямі ў Беларусі горшая за часы ваеннага становішча ў Польшчы» — Сікорскі
Ціханоўская ў Варшаве сустрэлася з міністрам Сікорскім
Кіраўнік МЗС Польшчы: Мы павінны адказаць Пуціну на мове, якую ён разумее