Карпенка намаляваў амаль 42% грамадзян, якія прагаласавалі датэрмінова
Сёння скончылася пяцідзённае датэрміновае галасаванне перад асноўным «адзіным днём», прызначаным на 25 лютага. Лічба, на якой было вырашана спыніцца ва ўсебеларускім маштабе — 41,71%. Гэта новы рэкорд, папярэдні быў 35,77% на выбарах 2019 года.
24.02.2024 / 21:26
Фота: logoysk.by
Пераходзіць па колькасці выбаршчыкаў, якія нібыта прагаласавалі датэрмінова, за сакральную мяжу ў 50% ні ў адной з абласцей не наважыліся, хоць, здавалася, прынамсі ў Гомельскай вобласці, дзе ўжо ўчора было запісана 42,83%, гэта абавязкова адбудзецца. Але не, і тут творцы статыстыкі спыніліся на «сціплых» 49,93%.
Прытым гомельцаў ледзь не далі дагнаць магілёўцам, якія ўчора адставалі больш чым на 5%. Але ўсё ж такі дэманстраваны гомельскімі вертыкальшчыкамі цягам усяго перыяду датэрміновага галасавання звышімпэт усё ж вырашылі ацаніць, паставіўшы іх асноўных канкурэнтаў хоць і толькі на паўпрацэнта, але ніжэй — 49,43%.
У астатніх абласцях паказчыкі больш сціплыя: Брэсцкая — 44,71%, Віцебская — 41,71%, Мінская — 40,47% і Гродзенская — 39,98%.
Што ж тычыцца Мінска, то тут вырашылі абмежавацца амаль круглымі 30,07%.
Чытайце таксама:
У Барысаве выбаршчыкаў завабліваюць на ўчасткі пернікамі ФОТАФАКТ