Аўстралія ўвяла новыя санкцыі супраць Расіі, у спісах ёсць і беларусы

Аўстралія абвясціла аб увядзенні новага пакета санкцый у дачыненні да Расіі, паведамляецца на сайце МЗС гэтай краіны. Усяго ў пералік уключылі 55 чалавек і 37 арганізацый, пры гэтым дзве фізічныя асобы і тры юрыдычныя — з Беларусі.

24.02.2024 / 17:37

З беларускіх фізічных асоб пад аўстралійскія санкцыі трапілі кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў і начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў. З прадпрыемстваў пад абмежаванні патрапілі холдынг «Гарызонт», ААТ «Волатаўта» і ААТ «Планар».

Як удакладняецца на сайце аўстралійскага МЗС, да ўнесеных у спіс асоб і арганізацый прымяняюцца фінансавыя санкцыі. На людзей таксама можа быць накладзеная забарона на ўезд.

Новы пакет аўстралійскіх санкцый прымеркаваны да другой гадавіны пачатку ваеннага канфлікту ва Украіне і накіраваны перш за ўсё супраць Расіі. Аднак МЗС краіны ўдакладніў, што ўнёс у спіс таксама прадпрыемствы іншых краін (Ірана, Паўночнай Карэі і Беларусі), якія лічыць важнымі гандлёвымі партнёрамі Расіі. Што тычыцца персанальных санкцый, то яны ўведзеныя ў тым ліку супраць тых, хто мае дачыненне да дэпартацыі Расіяй украінскіх дзяцей.

Чытайце таксама:

Цяпер афіцыйна. Стала вядома, з чаго складаецца беларуская частка новага пакета санкцый ЕС супраць Расіі

Байдэн афіцыйна заявіў пра 500 новых санкцыйных абмежаванняў супраць Расіі 

Рада ЕС зацвердзіла 13-ты пакет санкцый супраць пуцінскага рэжыму

Nashaniva.com