Мінчанка здала кватэру і сышла ў мінус на 1000 рублёў
Зараз папярэджвае іншых арэндадаўцаў.
24.02.2024 / 10:24
Фота: Onliner.by
Святлана (імя зменена) даўно здае сваю тройку ў хрушчоўцы ў Маскоўскім раёне, але з такой сітуацыяй сутыкнулася ўпершыню, піша Onliner.by.
У 2022 годзе яна засяліла ў кватэру маладую пару з Туркменістана, якая першы год спраўна плаціла арэнду і не дастаўляла праблем. У лістападзе мінулага года дамова скончылася, таму героі нашай гісторыі вырашылі перазаключыць яе на такі ж тэрмін: па словах жанчыны, замежнікі планавалі атабарыцца ў Беларусі і атрымаць ДНЖ.
— Мы прыйшлі ў разліковы цэнтр, каб заключыць дамову арэнды, і мая галоўная памылка была ў тым, што я не ўзяла заклад перад тым, як яго падпісаць, — успамінае Святлана. — Пасля таго як працэдура адбылася, кватаранты абвясцілі: грошай на заклад няма. Я знервавалася, але ў той момант і падумаць не магла, якім бокам мне гэта вылезе.
Прайшоў месяц. У лістападзе Айджан (імя зменена) кажа гаспадыні кватэры, што з'язджае з краіны: у пары адбыўся канфлікт, таму дзяўчына не мае намеру тут больш заставацца. Святлана паспела папрасіць яе зняцца з рэгістрацыі, але іншаземкі і след прастыў.
— Я прыстрашыла яе хлопца, Ахмед (імя змененае), што пайду ў суд і выселю яе прымусова. Ён папрасіў гэтага не рабіць і абяцаў плаціць за яе. Літаральна праз месяц тэлефануе мне з самалёта і абвяшчае: яго дэпартавалі, таму ён пакідае Беларусь. У мяне быў шок, бо я зразумела: выпісацца ён не зможа, таму прыйдзецца выпісваць праз суд абаіх. Пры гэтым аплату арэнды ніхто не адмяняў, — уздыхае мінчанка.
Жанчына пайшла ў суд і літаральна на днях сітуацыя вырашылася. У рамках другога слухання кватарантаў усё ж выпісалі, праз два тыдні Святлана атрымае на рукі рашэнне суда.
Фінал гэтай гісторыі — мінус каля 1100 рублёў з бюджэту мінчанкі, якія няма з каго спагнаць. У гэтую суму ўваходзяць грошы, патрачаныя на судовыя выдаткі, і арэндная плата за двух кватарантаў, якія з'ехалі яшчэ пару месяцаў таму.
— Так як дамову арэнды можна скасаваць толькі па пагадненні бакоў, мая парада ўладальнікам, якія здаюць кватэры: бярыце перадаплату за пару месяцаў наперад. Так вы засцеражэце сябе ад фінансавых страт у выпадку, калі кватаранты знікнуць. Яшчэ адзін варыянт — зрабіць у натарыуса даверанасць на трэцюю асобу, якая дакладна будзе знаходзіцца ў Беларусі і ў выпадку чаго зможа пад'ехаць з вамі ў РДЦ і па даверанасці выпісаць з кватэры былых жыхароў, — падсумавала Святлана.
Чытайце таксама:
Жанчына ледзь не страціла кватэру, якую здавала па дамове. Як так?
Колькі плацяць за камуналку «дармаеды»? Беларуска шакавала жыроўкай за студзень