Мінабароны выпадкова выклала дакумент з аналізам інтэрв'ю Хрэніна. І пацвердзіла, што вядзе адзін з праўладных каналаў
Знайшлося ў дакуменце месца і незалежным медыя.
23.02.2024 / 17:30
Віктар Хрэнін. Фота: Мінабароны Беларусі
У тэлеграм-канале «Невальфовіч» з'явіўся дакумент, які называецца «Інтэрв'ю на МА на 22.02». У ім змяшчаўся падрабязны аналіз інтэрв'ю Віктара Хрэніна расійскай прапагандыстцы Анастасіі Сахоўскай. Там ён заявіў, што Беларусь гатовая «збіваць самалёты НАТА».
Скрыншот з дакумента
Найбольшы ахоп, па меркаванні Мінабароны, інтэрв'ю Хрэніна атрымала на расійскіх рэсурсах. Там яны налічылі ахоп «больш за 60 мільёнаў чалавек». Праўладным рэсурсам аддалі другое месца — «больш за 6 мільёнаў». Але знайшлося месца і для незалежных медыя, якіх Мінабароны называе «дэструктыўнымі»:
«Дэструктыўныя інфармацыйныя рэсурсы: каля 40. Ахоп аўдыторыі: больш за 200 тысяч (за выключэннем пакрыцця матэрыялаў, размешчаных на сайтах).
Асноўны мэсэдж: у асноўным дэструктыўныя рэсурсы распаўсюджвалі афіцыйны парадак дня з акцэнтам, што заявы міністра абароны Віктара Хрэніна нясуць пагрозу («пагражае збіць самалёт НАТА»)».
Скрыншот з дакумента
Падсумоўваючы, Мінабароны налічыла яшчэ 1,355 мільёна узгадак прозвішча Хрэніна ў тэлеграме пасля публікацыі інтэрв'ю. Праўда, незразумела, як палічаная гэта статыстыка.
Але цікавы і сам дакумент. Стваральнікам файла пазначанае «Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы». Відавочна, гаворка пра аднайменную структуру ў Мінабароны. Узначальвае ГУІР генерал Леанід Касінскі.
Скрыншот метаданых дакумента
Да гэтага было дакладна невядома, хто вядзе канал «Невальфовіч». Цяпер высветлілася, што гэта супрацоўнікі Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны.
А Zver — гэта проста назва пірацкай зборкі Microsoft Office.
Чытайце таксама:
Міліцэйскі тэлеграм-канал, дзе публікуюць відэа з рэпрэсаванымі, выпадкова выдаў сваіх адмінаў
У канале Алега Гайдукевіча апублікавалі дыкпік. Падобна, з дэпутацкай рукой