Вялікабрытанія ўвяла санкцыі супраць двух беларускіх прадпрыемстваў
Вялікабрытанія ўвяла новыя санкцыі супраць Расіі ў сувязі з другой гадавінай пачатку вайны ва Украіне.
22.02.2024 / 16:24
Завод дакладнай электрамеханікі ў Мінску. Фота: Яндэкс
У санкцыйны спіс трапілі і два беларускія прадпрыемствы, размешчаныя ў Мінску: ААТ «Планар» і «Завод дакладнай электрамеханікі».
Таксама, акрамя расийскіх і беларускіх прадпрыемстваў, у спісе кампаніі з Кітая, Турцыі і ААЭ, якія, як сцвярджаецца, спрыялі абыходу санкцый.
Урад Вялікабрытаніі ўдакладняе, што ў спіс увайшлі вытворцы боепрыпасаў і электронікі, а таксама гандляры дыяментамі і нафтай.
Адна з найбуйнейшых расійскіх кампаній, уключаных у абноўлены спіс — праект кампаніі «Новатэк» па вытворчасці звадкаванага газу «Арктык СПГ-2». Таксама санкцыі ўведзеныя супраць Пермскага парахавога завода.
Санкцыі Вялікабрытаніі прымеркаваныя да другой гадавіны расійскага ўварвання ва Украіну. Чакаецца, што свае пашыраныя санкцыйныя спісы найбліжэйшымі днямі апублікуюць таксама ЗША і Еўрасаюз.
Чытайце таксама:
Як беларусы дапамагалі аснашчаць расійскую вайсковую машыну заходнім абсталяваннем
Белы дом 23 лютага накладзе на Расію новыя санкцыі за смерць Навальнага
Беларусь павялічвае экспарт солі ў Польшчу, нягледзячы на санкцыі