Валанцёры вызвалілі беларуса з рабства ў Свярдлоўскай вобласці Расіі
Беларус Вадзім Жалязкі прыехаў на заробкі ў Расію ў маі 2023 года па запрашэнні швагра. Яму абяцалі заробак у 25 тысяч расійскіх рублёў (каля 270 даляраў), але насамрэч забралі дакументы і ён працаваў за ежу. Вызвалілі 33-гадовага беларуса валанцёры «Альтэрнатывы».
22.02.2024 / 14:41
Вадзіму сказалі, што ён будзе працаваць на пілараме. Аднак яго прывезлі на ферму ў Свярдлоўскай вобласці, у пасёлак Шадрыха. У мужчыны забралі ўсе дакументы, а яго працай стаў догляд за каровамі і дапамога па гаспадарцы, пішуць валанцёры.
За 10 месяцаў працы зарплату мужчыну не заплацілі ні разу. А за аднойчы згубленую карову Вадзіма жорстка збілі.
Калі валанцёры з журналістамі і выкліканым паліцэйскім прыехалі на месца, гаспадар фермы — армянін па імені Навер — заявіў, што дакументы ў Вадзіма не адбіраў, але потым іх аддаў.
Пасля ўгавораў супрацоўнікаў паліцыі палічыць, колькі ж Вадзім зарабіў за амаль год працы, Навер зрабіў разлікі і сказаў, што ніколькі. Бо, як сцвярджаў гаспадар фермы, частку абяцанай зарплаты ён пералічваў былой жонцы Вадзіма ў кошт аліментаў, а астатняе пайшло на забеспячэнне яго прадуктамі харчавання і рэчамі. Паводле Навера, Вадзім яшчэ і застаўся даўжніком. Аднак грошы на квіток дадому ўсё ж даў.
Зараз Вадзім у бяспецы і ў бліжэйшы час зможа вярнуцца дадому, пішуць валанцёры.
Чытайце таксама:
Валанцёры ў Дагестане вызвалілі з рабства беларуса, якога купілі за 400 даляраў
Валанцёры выратавалі беларуса з рабства ў Расіі і вярнулі яго да родных у Магілёў
Апублікаваны рэйтынг краін ЕС паводле ўзроўню расізму. Расказваем, дзе расавай дыскрымінацыі больш