Выйшла кніга пра каталіцкага святара, які правёў 25 гадоў у савецкім лагерах і высылках

У выдавецтве «Pro Christo» па ініцыятыве Віцебскай дыяцэзіі выйшла кніга Раісы Зянюк «Ксёндз Юзаф Барадзюля: жыццяпіс і ўспаміны», прымеркаваная да 130-годдзя з дня нараджэння гэтага моцнага духам святара, які паходзіў з Віцебшчыны.

21.02.2024 / 14:16

Для свайго грунтоўнага даследавання аўтарка кнігі сабрала мноства дакументаў і матэрыялаў у архівах Беларусі і замежжа, сустрэлася са сваякамі ксяндза Юзафа Барадзюлі (1893—1983) і з іншымі людзьмі, якія захоўваюць жывую памяць пра яго, запісала цікавыя сведчанні з іх вуснаў, а таксама пераклала на беларускую мову і падрыхтавала да выдання пісьмовыя ўспаміны самога ксяндза Юзафа, паведамляе часопіс Ave Maria.

Доўгі час асоба ксяндза Юзафа не была шырока вядомай у Беларусі, хоць ён прынёс вялікую ахвяру дзеля сведчання веры ў нашым краі — рэпрэсаваны за сваю святарскую дзейнасць, больш за 25 гадоў правёў пад арыштамі, у турмах і ссылках,

і нават пасля вызвалення амаль да канца свайго жыцця не меў права афіцыйна займацца душпастырствам.

«Я імкнулася максімальна напоўніць гэтую кнігу дакументамі, якія не толькі дапамагаюць у вызначэнні асноўных жыццёвых этапаў ксяндза Юзафа Барадзюлі, але і дазваляюць нам уявіць, як выглядала жыццё святара ў ХХ стагоддзі, якія падзеі суправаджалі дзейнасць духавенства, паказаць больш шырокі кантэкст, у якім жыло грамадства таго часу», — напісала аўтарка ва ўводзінах да свайго даследавання.

Ёй сапраўды ўдалося даць чытачу вельмі выразнае ўяўленне пра складаную атмасферу рэлігійнага жыцця Беларусі ў ХХ стагоддзі; пра тую духоўную пустку, у якой святару ўсё ж удалося захаваць вернасць Богу.

Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч ва ўступным слове да выдання звярнуў увагу на тое, што кніга пра ксяндза Юзафа Барадзюлю і яго сведчанне вельмі патрэбныя сучаснаму грамадству:

«Сёння існуе спакуса не быць вернымі свайму слову, сваім абяцанням, сваім прысягам. <…> Так, гэтая вернасць можа прывесці да выпрабаванняў, але ў Евангеллі сказана: «Той, хто вытрывае да канца, будзе збаўлены» (Мц 24, 13)».

Чытаючы жыццяпіс і ўспаміны ксяндза Юзафа, змешчаныя ў дадатку, цікава назіраць за тым, што яму давала сілы вытрываць. Падтрымка бацькоў, уменне прабачыць здраду, давер Богу, імкненне жыць у праўдзе — усё гэта адыграла неацэнную ролю.

Аднак святар падзяліўся з намі яшчэ і сведчаннем пра начную відзежу падчас сну ў нарыльскім лагеры, дзе сам Хрыстус падтрымаў яго і даў сілы знесці цяжкі крыж…

Кніга багата ілюстравана фотаздымкамі, выявамі дакументаў і лістоў, матэрыялаў прэсы і старонак аўтабіяграфіі ксяндза Юзафа Барадзюлі. Яна будзе карыснаю не толькі тым, хто цікавіцца гісторыяй, але і кожнаму верніку, бо немагчыма застацца абыякавым да такога мужнага перажывання цярпенняў і такой моцы чалавечага духу, — адзначаецца на сайце ave-maria.by.

Nashaniva.com