«Людзі павінны адчуваць сябе ў бяспецы ў любы час сутак». Лукашэнка ўпэўнены, што такое адчуванне з'яўляецца пры назіранні ўзброеных сілавікоў

Лукашэнка на пашыранай нарадзе з кіраўніцтвам дзяржаўных органаў сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі запатрабаваў, каб міліцэйскія патрулі хадзілі па вуліцах са зброяй. 

20.02.2024 / 21:52

Скрыншот з відэа

«Наступная задача ўсім праваахоўным органам, у першую чаргу МУС і МНС. Людзі павінны адчуваць сябе ў бяспецы дома, на працы, на вуліцы ў любы час сутак. Папярэджваю Міністэрства ўнутраных спраў, КДБ, спецслужбы, каго заўгодна, пракуратуру трэба ўзяць на кантроль. Папярэджваць. На вуліцах павінны быць нашы хлопцы, патрулі», — сказаў Лукашэнка.

Але калі раней гэтыя патрулі нібыта хадзілі «з голымі рукамі», то цяпер іх трэба ўзброіць.

«А цяпер патрулі павінны быць узброеныя стралковай зброяй, як мінімум пісталетамі. І гэта павінны ведаць усе. І яны павінны хадзіць спакойна па вуліцах. Гарантыя — ніякіх злачынстваў у гэтым раёне не будзе», — упэўнены Лукашэнка.

Гэтае пытанне Лукашэнка даручыў узяць на кантроль МУС, КДБ, спецслужбам і пракуратуры.

Пры гэтым, на яго думку, узровень злачыннасці па краіне зніжаецца: маўляў, зменшылася колькасць цяжкіх і асабліва цяжкіх супрацьпраўных дзеянняў. У той жа час «адзначаецца негатыўная тэндэнцыя: расце колькасць махлярстваў, вымагальніцтваў і кіберзлачынстваў».

Ну і, вядома, ніхто не збіраецца спыняць каток палітычных рэпрэсій:

«Як мне дакладваюць, прынятыя дадатковыя меры па аператыўным раскрыцці злачынстваў экстрэмісцкай скіраванасці. Сёння гэта найважнейшы аспект падтрымання правапарадку: спыненне дзеянняў адмарозкаў і прафілактыка аблудных, якія яшчэ не да канца разумеюць, на што іх нацэльваюць замежныя куратары».

Чытайце таксама:

Лукашэнка пракаментаваў зліў пра вакцыну для «Першага»

Лукашэнка заявіў, што Варшава вярбуе чыноўнікаў на замену Латушку

Лукашэнка: Мы павінны быць гатовыя да вайны і ментальна, і стратэгічна

Nashaniva.com