Выкладчыка катэхізіса з кафедральнага касцёла будуць судзіць па чатырох крымінальных артыкулах

21 лютага Мінскі гарадскі суд пачне разглядаць крымінальную справу Уладзіслава Беладзеда. Інфармацыя пра гэта з'явілася ў раскладзе судовых пасяджэнняў на сайце Вярхоўнага суда, заўважыў Reform.by.

20.02.2024 / 20:47

Выкладчык катэхізіса ў мінскім Архікафедральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі Уладзіслаў Беладзед абвінавачваецца па чатырох артыкулах: распальванне варожасці (ч.1 арт. 130 КК), распаўсюджванне і выраб парнаграфіі (ч. 1 арт. 343 КК), абраза Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК) і абраза прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК).

Уладзіслава Беладзеда затрымалі ў траўні 2023 года. У запісаным сілавікамі відэа ён сказаў, што супрацоўнікі касцёла, маўляў, падтрымлівалі пратэсты ў 2020 годзе, хавалі пратэстоўцаў, а ён асабіста сачыў з вежы за перамяшчэннем міліцыі і нібыта падаваў сігналы. «Мы званілі ў званы, каб людзі ведалі, што рухаюцца супрацоўнікі міліцыі», — сказаў Беладзед прадыктаваныя сілавікамі словы на відэа. 

Уладзіслаў Беладзед — каталіцкі семінарыст, які праходзіў практыку ў Мінскім архікафедральным касцёле. У 2020-м мужчына падтрымаў рух за свабодныя выбары і публічна маліўся за мір у Беларусі.

Яго імя ўзгадваецца ў шэрагу «рускамірскіх» артыкулаў пра сувязь беларускага каталіцтва і арганізатараў пратэстаў (да прыкладу, у артыкуле «Каталікі і польская подбіўка беламайдану» ад так званага «Фонду стратэгічнай культуры»).

Чытайце таксама:

Падчас вобшуку ў мінскай архікафедры святароў білі — «Белсат»

Супраць Уладзіслава Беладзеда з кафедральнага касцёла распачалі крымінальную справу

У мінскім архікафедральным саборы быў ператрус — «Хрысціянская візія»

ГУБАЗіК расказаў, у чым вінавацяць каталіцкага семінарыста Уладзіслава Беладзеда

Nashaniva.com