«Яны ваююць за сваё здароўе і сваё жыццё ў жахлівых умовах». Ціханоўская — пра смерць Ігара Ледніка
Дэмакратычны лідар Беларусі пракаментавала смерць за кратамі 63-гадовага Ігара Ледніка, якая стала пятай за кратамі за няпоўныя тры гады
20.02.2024 / 14:11
«Пятая смерць за кратамі… Гэта неверагодная несправядлівасць і трагедыя — тое, што ў турмах рэжым забівае беларусаў, якія хацелі змяніць жыццё сваёй краіны да лепшага. Вітольд Ашурак, Мікалай Клімовіч, Алесь Пушкін, Вадзім Храсько, а зараз і Ігар Леднік сталі ахвярамі рэжыму Лукашэнкі.
Ігара Ледніка адправілі за краты з-за артыкула ў часопісе аб міжнародным нейтралітэце Беларусі.
І на працягу двух гадоў мэтанакіравана забівалі — у 63-гадовага актывіста была другая група інваліднасці з-за праблем з сэрцам. Рэжым выдатна ведаў пра гэта, пазбаўляючы яго свабоды. Імя Ледніка было ўнесена ў «Гуманітарны спіс» — туды праваабаронцы ўключалі людзей, якіх трэба тэрмінова вызваліць па стане здароўя ці з прычыны ўзросту.
Ігар Леднік шмат гадоў падтрымліваў прадпрымальнікаў, дапамагаў праваабаронцам, развіваў дэмакратычны рух у Беларусі. Яго актыўнасць выходзіла далёка за межы роднага Барысава, а аб настойлівасці і прынцыповасці Ледніка ведала ўся краіна. Ігара шмат разоў арыштоўвалі за пратэсты супраць несправядлівасці, актыўную палітычную пазіцыю. Але ён заставаўся верным сабе – і не здраджваў ідэям свабоднай Беларусі.
Я выказваю шчырыя спачуванні сям'і і блізкім Ігара Ледніка. І заклікаю ўсіх — медыя, міжнародных партнёраў, праваабаронцаў — устаць на абарону палітвязняў. Сёння ў краіне больш за дзясятак палітвязняў, якім патрэбна дапамога проста цяпер. Уладзімір Малахоўскі, Рыгор Кастусёў і Галіна Дзербыш змагаюцца з анкалогіяй. Ірына Мельхер і Аляксандр Фядута пакутуюць ад праблем з сэрцам. Але Зуевай увесь час патрэбныя лекі, каб не прагрэсаваў лейкоз… Яны ваююць за сваё здароўе і сваё жыццё ў жахлівых умовах. І нам неабходна аб'яднаць намаганні, каб як мага хутчэй знайсці варыянты для іх вызвалення».
Чытайце таксама:
У турме памёр палітвязень Ігар Леднік
Палітвязень Ігар Леднік сядзеў у калоніі ў Бабруйску, а не ў Магілёве
Былы палітвязень: Ігар Леднік казаў мне, што хутчэй за ўсё памрэ ў калоніі
Тры гады калоніі Ігару Ледніку прызначыла суддзя Таццяна Шоцік