Беларускаму рэжысёру-рэкламшчыку пагражае экстрадыцыя з Сербіі. Фармальна па эканамічным артыкуле
Андрэя Гнёта затрымалі 30 кастрычніка на запыт Інтэрпала.
19.02.2024 / 16:06
Фота: headmade.by
Апеляцыйны суд Сербіі разгледзеў сёння справу аб экстрадыцыі беларускага рэжысёра Андрэя Гнёта. Працэс скончаны, суд павінен прыняць рашэнне на працягу 20-30 дзён. Пакуль Андрэй Гнёт застаецца ў зняволенні, піша Deutsche Welle.
Андрэй Гнёт — беларускі журналіст, рэжысёр тэлерэкламы і музычных відэа, а таксама палітычны актывіст. Гнёта называюць сузаснавальнікам «Свабоднага аб'яднання спартсменаў Sos by», прызнаным у 2022 годзе «экстрэмісцкім фармаваннем».
Андрэй Гнёт быў затрыманы 30 кастрычніка 2023 года ў Сербіі на запыт Інтэрпала з-за абвінавачанняў па эканамічнай справе. Адносна рэжысёра распачата працэдура экстрадыцыі ў Беларусь.
Абарона Гнёта лічыць яго пераслед з боку беларускіх уладаў і занясенне ў спіс Інтэрпала палітычна матываваным. 3 лістапада 2023 года юрыст рэжысёра Вадзім Драздоў падаў запыт на выдаленне даных, якія тычацца Андрэя Гнёта, у Камісію па кантролі файлаў Інтэрпала, а 20 снежня 2023 года быў накіраваны запыт аб прыняцці часовых мер у Еўрапейскі суд па правах чалавека з просьбай указаць ураду Сербіі не экстрадаваць Гнёта ў Беларусь.