Беларуская чыгунка дала парадаксальны адказ, чаму англійская мова знікла з галоўнага вакзала краіны
Раней Беларуская чыгунка сцвярджала іншае.
19.02.2024 / 16:19
Залепленыя ізастужкай надпісы па-англійску на чыгуначным вакзале Мінска. Фота: Blizko.by
У сярэдзіне студзеня мінскі чыгуначны вакзал пазбавіўся ад англійскай мовы на інфармацыйных табло з дапамогай ізастужкі. Такім спосабам выправілі ўсе электронныя табло ў абодвух падземных пераходах пад пуцямі, а таксама на саміх платформах з цягнікамі. На дзясятках табло не засталося ніводнага слоўца па-англійску.
Тады начальнік чыгуначнай станцыі «Мінск-Пасажырскі» Аляксандр Дрожжа блытана патлумачыў гэта складанасцямі ў замене табло, на якіх быццам былі дапушчаны памылкі пры вырабе:
«Замена апошніх [табло] у наш час немагчымая па тэхналагічных прычынах, звязаных з нізкай тэмпературай вонкавага паветра. У сувязі з гэтым прынята часовае рашэнне па заклейванні інфармацыі на такіх табло. Пасля ўсталявання станоўчай тэмпературы вонкавага паветра канструкцыі будуць заменены».
Беларусы вырашылі ўдакладніць, а як жа цяпер арыентавацца замежнікам, якія прыбываюць у Беларусь, у тым ліку з заходніх краін па бязвізе, і якія не ведаюць ні беларускай, ні рускай моў.
Беларуская чыгунка за подпісам намесніка начальніка Андрэя Якабсона дала парадаксальны адказ:
«Чыгуначны вакзал не з'яўляецца турыстычнай славутасцю і выкарыстанне замежных моў для інфармавання грамадзян на ўказаным аб'екце не абавязковае».
Замест гэтага замежнікам прапаноўваюць арыентавацца з дапамогай тэхнічных сродкаў (інфармацыйных табло), на якіх няма замежных моў, піктаграм, інфармацыйных схем, мабільных прылад з адпаведным дадаткам ці звяртацца ў кантакт-цэнтр і да персанала вакзала, які таксама можа не ведаць ніякіх моў, бо «не абавязкова».
Пазбавіцца ад лацінкі на паказальніках і інфармацыйных стэндах ураду даручыў Аляксандр Лукашэнка ў верасні 2023 года. Ён запатрабаваў выкарыстоўваць толькі дзяржаўныя мовы. Праз некалькі дзён кіраўнік Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў заявіў, што таблічкі ў горадзе заменяць.
З аднаго боку беларускія ўлады, як і любыя іншыя, вельмі зацікаўлены ў замежных турыстах, якія б прывезлі і патрацілі тут свае грошы. Нават у час, калі адносіны з заходнімі суседзямі носяць адкрыта варожы характар, для грамадзян гэтых краін захоўваецца бязвізавы ўезд у Беларусь. З іншага боку, беларускі рэжым робіць усё, каб адпудзіць сваімі норавамі і дзівацтвамі ўсіх, хто хацеў бы прыехаць у краіну.
Тое, што ў Беларусі нават вакзалы, якія заўсёды з'яўляюцца месцам найвышэйшай канцэнтрацыі замежных турыстаў, прызнаюцца «не турыстычнымі» — нонсэнс для ўсяго свету.
Чытайце таксама:
На Гомельшчыне далажылі пра поўную перамогу над лацінкай
Каля Гродна лацінку ліквідавалі нават у назвах польскіх гарадоў