У Славакіі прапанавалі аднавіць сяброўства з Беларуссю
Лідар прарасійскай ультраправай Славацкай нацыянальнай партыі (SNS) і віцэ-спікер славацкага парламента Андрэй Данка прапанаваў аднавіць дэпутацкія групы сяброўства з Расіяй і Беларуссю. Аб гэтым ён напісаў у фэйсбук, заўважыў reform.by.
18.02.2024 / 09:59
Андрэй Дакпкюнас з Любашам Благам і Андрэем Данка. Фота: LubosBlahaSmer / Тelegram
«Нацыянальная рада Славакіі сцвярджае групы сяброўства ў кожны выбарчы перыяд. Славацкая нацыянальная партыя хоча, каб Нацыянальная Рада Славацкай Рэспублікі мела добрыя адносіны з усімі дзяржавамі», — патлумачыў ён.
Данка ўпэўнены, што «ўзаемная камунікацыя на парламенцкім узроўні зʼяўляецца важнай умовай разумення і супрацоўніцтва» і такое супрацоўніцтва нельга абмяжоўваць.
Ён спадзяецца на падтрымку такога рашэння з боку партнёраў па ўрадавай кааліцыі партыі Smer-SD Роберта Фіца і партыі «Голас — сацыяльная дэмакратыя».
Славацкі палітык нагадаў аб адмене з 15 студзеня забароны на культурнае супрацоўніцтва з Расіяй і Беларуссю, якую ініцыявала новая міністр культуры Славакіі і член SNS Марціна Шымковіча. Забарона дзейнічала з сакавіка 2022 года і была ўведзена пасля маштабнай агрэсіі Расіі супраць Украіны.
8 лютага віцэ-спікер парламента Славакіі Андрэй Данка і яго калега Любаш Блага сустрэліся ў Браціславе з Андрэем Дапкюнасам, паслом Беларусі ў Аўстрыі і Славеніі па сумяшчальніцтве, пастаянным прадстаўніком Беларусі пры АБСЕ.
«Заўсёды рады паціснуць руку і абмяняцца думкамі са шчырымі сябрамі Беларусі, якія заўсёды выступаюць у інтарэсах сапраўднага сяброўства паміж народамі і абараняюць нацыянальныя інтарэсы сваіх краін», — апісаў сустрэчу Дапкюнас.
З 1996 года ЕС, АБСЕ і ЗША не прызналі дэмакратычнай ніводнай выбарчай кампаніі ў Беларусі. Цяпер у Беларусі ідзе чарговая кампанія па фарміраванні новага складу дзвюх палат Нацыянальнага сходу. Яна праходзіць на фоне масавых рэпрэсій, татальнага падаўлення свабоды слова, пагрому грамадзянскай супольнасці і закрыцця ўсіх апазіцыйных палітычных партый.
Чытайце таксама:
Лукашэнкаўская Беларусь назбірала кампліментаў ад славацкіх прарасійскіх палітыкаў
Прыязны да Расіі прэм'ер Славакіі нечакана стаў на бок Украіны
Славакія аднавіла супрацоўніцтва з Беларуссю ў сферы культуры