Наўседа: Месца Пуціна — у Гаагскім судзе
Расея павінна быць ізаляваная ў міжнароднай прасторы. Нельга паціскаць руку забойцу, які знішчае сваіх палітычных апанентаў, заявіў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа, перадае LRT.
18.02.2024 / 09:28
Гітанас Наўседа. Фота: AP Photo / Omar Havana
У суботу ў часе Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы адбылася дыскусія аб абароне ўсходняга фланга НАТА. Гітанас Наўседа заявіў, што для ўтаймавання імперыялістычных амбіцый Расеі і забеспячэння доўгатэрміновага міру ва ўсім свеце неабходна ізаляваць гэтую краіну ў міжнароднай супольнасці, скараціць яе здольнасць фінансаваць вайну.
«Перш за ўсё, Расея павінна быць ізаляваная ў міжнароднай прасторы. Нельга паціскаць руку забойцу, які знішчае сваіх палітычных апанентаў. Месца Пуціна — у Гаагскім судзе. Па-другое, нам трэба як мага больш інвеставаць у нашу абарону. НАТА павінна быць мацней, чым калі б там ні было. Па-трэцяе, мы павінны абмежаваць эканамічныя магчымасці крамлёўскага рэжыму фінансаваць вайну», — заявіў літоўскі лідар.
Паводле яго слоў, супрацоўніцтва з краінай-агрэсарам павінна быць спынена ва ўсіх сферах, ад сферы тэхналогій да культуры.
16 лютага ў часе Мюнхенскай канферэнцыі стала вядома пра яшчэ адно злачынства пуцінскага рэжыму — смерць у калоніі расейскага апазіцыянера Аляксея Навальнага.
Чытайце таксама: