«Ён ведаў, што не вернецца жывым» — журналіст пра апошні палёт Навальнага
Палітаглядальнік Bild Петэр Цідэ суправаджаў Аляксея і Юлію Навальных на рэйсе авіякампаніі «Перамога» з Берліна ў Маскву 17 студзеня 2021 года.
17.02.2024 / 12:50
Юлія і Аляксей Навальныя ў самалёце Берлін — Масква 17 студзеня 2021 года. Скрыншот відэа
Як узгадвае журналіст, на борце апазіцыянеру зладзілі авацыю, сцюардэсы бралі ў яго аўтографы, а пілоты высмеялі рашэнне дыспетчараў не саджаць самалёт ва Унукаве, дзе сабраўся мітынг. Нібыта з-за ўмоў надвор'я ім загадалі ляцець у Шарамеццева, усяго за некалькі кіламетраў. Лётчыкі сказалі пасажырам, што там надвор'е «фантастычнае».
«Ён ведаў, ён сказаў мне пра гэта, што, напэўна, не зможа вярнуцца з краіны жывым. Мы сфатаграфаваліся ў самалёце: ён на месцы 13А, Юлія побач, я ў праходзе. Ён глядзеў мульцікі, — успамінае Цідэ. — Ён сказаў мне, што ведае, што яго чакае. Што ён ведае, што ягоны апошні палёт у Расію можа стаць палётам у смерць. Што рэжым і яго закляты вораг у Крамлі жорстка адпомсцяць яму. <…> У самалёце пасля прызямлення Навальны сказаў: «Гэта найлепшы момант за пяць месяцаў. Адчуваю сябе выдатна. Нарэшце я вяртаюся дадому».
Ён казаў, што не чакае, што яго арыштуюць, бо ён невінаваты. Але ён ведаў: яны схопяць яго. І яны гэта зрабілі».
Цідэ адзначае, што Навальны проста не разглядаў магчымасці застацца ў Нямеччыне і ўзначаліць расійскую апазіцыю за мяжой.
«Ён не проста хацеў вярнуцца — ён павінен быў. У сваю Расію, якую ён не хацеў пакідаць забойцы за сценамі Крамля. У Нямеччыне ён адчуваў сябе тыграм у заапарку, — успамінае журналіст. — Ён мне так і сказаў: «На адлегласці нічога не зменіш».
Чытайце таксама:
«Ён памёр, не зломлены тыраніяй» — Барак Абама пра смерць Аляксея Навальнага
Уначы невядомыя ў цывільным разбурылі мемарыялы Аляксею Навальнаму ў Маскве і рэгіёнах
«Гадзіннік цікае». Байдэн усклаў адказнасць за смерць Навальнага на Пуціна і нагадаў пра Украіну
У розных гарадах свету адбыліся акцыі памяці Навальнага ФОТЫ
Меркель: Я была надзвычай спустошана, даведаўшыся пра смерць Навальнага