У КДБ расказалі, што нібыта затрымалі ў Лельчыцкім раёне дыверсантаў СБУ
У выніку правядзення «чэкісцкай ваеннай аперацыі на памежжы» (менавіта такі тэрмін выкарыстоўваюць дзяржаўныя СМІ) у Лельчыцкім раёне затрымалі «ўдзельнікаў дыверсійна-разведвальнай групы», паведаміла БелТА са спасылкай на КДБ.
16.02.2024 / 16:52
Паводле паведамлення, у ноч з 14 на 15 лютага ў Лельчыцкім раёне было нібыта зафіксавана парушэнне групай грамадзян дзяржаўнай мяжы Беларусі з боку Украіны. Асобныя з гэтых грамадзян былі затрыманыя, у іх нібыта знайшлі выбуховыя прылады і іншыя сродкі паражэння.
Менавіта пасля таго, як сцвярджаецца, было прынята рашэнне аб увядзенні рэжыму контртэрарыстычнай аперацыі на тэрыторыі Лельчыцкага раёна.
Раён быў блакаваны, і ў ім была праведзена «чэкісцкая ваенная аперацыя», у выніку якой на памежжы затрыманыя «ўдзельнікі дыверсійна-разведвальнай групы, якая складаецца з грамадзян Украіны, Беларусі і іх памагатых».
Варта адзначыць, што інфармацыю пра затрыманне «дыверсійна-разведвальных груп» са зброяй падпарадкаваныя Лукашэнку спецслужбы закідаюць рэгулярна цягам многіх гадоў. Нярэдка пасля таго ніякіх канкрэтных доказаў таго, што гэта рэальнасць, а не выдумка, не даецца, і пра справу паціху забываюцца.
Чытайце таксама:
Лукашэнка расказаў пра контртэрарыстычную аперацыю ў Лельчыцах
Правядзенне контртэрарыстычнай аперацыі ў Лельчыцкім раёне завершана. Але што гэта было — загадка
Лельчыцкі выканкам патлумачыў увядзенне ў раёне рэжыму контртэрарыстычнай аперацыі вучэннямі
У Лельчыцах на мяжы з Украінай уведзены рэжым контртэрарыстычнай аперацыі