Грэцыя стала першай праваслаўнай краінай, якая ўзаконіла аднаполыя шлюбы

Парламент прагаласаваў за законапраект упэўненай большасцю.

16.02.2024 / 06:39

Прыхільнікі законапраекта радуюцца падчас мітынгу на цэнтральнай плошчы Сінтагма ў Афінах. Фота: Michael Varaklas / AP

Парламент Грэцыі ў чацвер упэўненай большасцю прагаласаваў за легалізацыю аднаполых шлюбаў і ўсынаўленне дзяцей аднаполымі сем'ямі. Грэцыя стала 37-й краінай у свеце і першай праваслаўнай краінай, якая ўзаконіла шлюбы людзей аднаго полу, піша Бі-бі-сі.

За новы закон прагаласавалі 176 з 245 прысутных дэпутатаў грэцкага парламента.

Закон прасоўваў асабіста прэм'ер-міністр Кірыякас Міцатакіс, лідэр кансерватыўнай партыі «Новая дэмакратыя».

Пры гэтым супраць легалізацыі аднаполых шлюбаў выступалі дзясяткі дэпутатаў ад партыі прэм'ера, але затое за яго прагаласавалі дэпутаты ад апазіцыі, у тым ліку ад левай партыі «Сірыза», чый лідар, Стэфанас Каселакіс — гей.

«Гэта гістарычная вяха ў справе забеспячэння правоў чалавека, якая адлюстроўвае сённяшнюю Грэцыю — прагрэсіўную, дэмакратычную краіну, якая горача верыць у еўрапейскія каштоўнасці», — напісаў прэм'ер-міністр Міцатакіс у сацсетцы Х (былым твітары).

Чытайце таксама:

Каталіцкі касцёл у Беларусі не збіраецца бласлаўляць аднаполыя пары, хоць гэта дазволіў Ватыкан

Эстонія стала першай постсавецкай краінай, якая дазволіла аднаполыя шлюбы

Парламент Латвіі легалізаваў аднаполыя партнёрствы

Nashaniva.com