Губарэвіч: Тыя, каго атрымалася ідэнтыфікаваць, не маюць і ніколі не мелі дачынення да «Кадравага рэзерву»
Прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Юрась Губарэвіч патлумачыў сітуацыю вакол нібыта зліву даных удзельнікаў ініцыятывы.
15.02.2024 / 14:08
«Магчымасць пабачыць спіс іншых удзельнікаў тэхнічна выключана платформай ZoomWebinar. Нават адміністратар там бачыць толькі пералік асабістых нумароў замест імёнаў удзельнікаў, — кажа Юрась Губарэвіч. —
На дадзены момант мы праводзім збор інфармацыі пра асобаў, прадэманстраваных на здымках у прапагандысцкім роліку.
Тыя, каго атрымалася ідэнтыфікаваць, не маюць і ніколі не мелі дачынення да «Кадравага рэзерву». Некаторыя з іх знаходзяцца на свабодзе ці ўвогуле раней пакінулі межы Беларусі.
Па некаторых былі выкарыстаныя здымкі з ранейшых затрыманняў, не звязаных з «Кадравым рэзервам». Будзем удзячныя за любую дадатковую інфармацыю».
Губарэвіч дапускае, што праблема з бяспекай можа быць на баку карыстальнікаў. Таму ў АПК заклікаюць выкарыстоўваць VPN, камунікаваць толькі праз афіцыйны адрас электроннай пошты і выдаляць перапіску.
«Пэўныя спробы выцягнуць інфармацыю сілавікі рабілі. Яны стварылі фэйкавы канал у тэлеграме і адкрылі доступ да «экстрэмісцкага» сайта «Кадравага рэзерву» з тэрыторыі Беларусі», — дадаў ён.
Нагадаем, што ўчора стала вядома, што Следчы камітэт завёў крымінальную справу на ўдзельнікаў «Кадравага рэзерву».
Чытайце таксама:
Маладую менеджарку EPAM, якая вярнулася з Грузіі, будуць судзіць за «фінансаванне вайны»