Ботакс: калі і ў якіх выпадках яго прымяняць?

Сёння «ўколы прыгажосці» сталі вельмі папулярнымі. Дзяржаўныя і прыватныя медыцынскія ўстановы прапаноўваюць свае паслугі па карэкцыі маршчын. Каму лепш падыдзе гэтая працэдура і ў якіх выпадках?

18.02.2024 / 16:24

Фота: Getty Images

Заўважым адразу, што слова «ботакс» не карэктна ўжываць у дачыненні да «ін'екцый прыгажосці». Ботакс — зарэгістраваная назва лекавага сродку, які вырабляецца ў ЗША. У Беларусі вы яго не знойдзеце. Замест яго вам могуць прапанаваць дыспорт ці нейранокс. Яны, як і ботакс, маюць адзін і той жа дзейны сродак — ботулатаксін.

Трохі гісторыі

Адметна, што гэта адно з самых атрутных рэчываў. Яго пападанне ў сістэму стрававання выклікае батулізм. У гады Другой сусветнай вайны нават было праведзена ўсебаковае вывучэнне ботулатаксіну на прадмет яго выкарыстання ў якасці біялагічнай зброі.

Першым у медыцынскай практыцы ботулатаксін прымяніў амерыканскі афтальмолаг Алан Скот у канцы 1970-х гадоў. Ён уводзіў мікрадозы прэпарату ў арбітальную цягліцу вока для лячэння міжвольных сутаргавых скарачэнняў цягліц павек (блефаспазму). Цяпер прэпараты на аснове ботулатаксіну выкарыстоўваюць у касметалогіі, а таксама ў неўралогіі.

З якога ўзросту прымяняць

Звычайна лічыцца, што «ўколы прыгажосці» можна прымяняць пасля 30 гадоў. Але ў асобных выпадках гэта можа быць і раней. Першыя прыкметы старэння скуры заўважныя з 25 гадоў. А ў некаторых вельмі эмацыйных людзей мімічныя маршчыны могуць зʼявіцца і раней. Не трэба забывацца і на генетыку і асаблівасці будовы твару.

З мэтай прафілактыкі ўтварэння «гусіных лапак» вакол вачэй гэты метад рэкамендуюць пацыентам ва ўзросце ад 20 гадоў. Акрамя гэтага, прымяненне ботулатаксіну ў асобных зонах ва ўзросце да 30 гадоў можа спрыяць згасанню няправільнай мімікі і фарміраванню новага мімічнага патэрна. Напрыклад, увядзенне прэпарату ў вобласць міжброўя можа «адвучыць» пацыента хмурыцца.

Фота: Peter Dazeley / Getty Images

Спецыялісты звяртаюць увагу, што з узростам маршчыны становяцца ўсё глыбейшымі і яскрава выражанымі. Таму ў больш сталым узросце для атрымання неабходнага эфекту пацыенту трэба рабіць інʼекцыі да трох разоў на год.

Максімальны эфект ад прымянення «інʼекцый прыгажосці» назіраецца ў пацыентаў ва ўзросце ад 30 да 40 гадоў. Пасля 50 гадоў з-за нізкага мышачнага тонусу і абмежаванага месца ўздзеяння эфект будзе горшы. А калі вам больш за 60 гадоў, то «ўколы прыгажосці» неабходна прымяняць з асцярожнасцю і толькі ў выпадку, калі іх парэкамендаваў спецыяліст.

Якія праблемы дапаможа вырашыць

Прэпараты ботулатаксіну дапамогуць не толькі згладзіць маршчыны, але і вырашыць некаторыя іншыя праблемы. Напрыклад людзям з так званай ліпкай усмешкай увядзенне ботулатаксіну ў цягліцы, адказныя за падняцце верхняй губы, можа дапамагчы паменшыць колькасць тканкі дзясны, якая агаляецца падчас усмешкі. Праўда, гэты варыянт часовы і патрабуе наступных інʼекцый для падтрымання вынікаў.

Увядзенне ботулатаксіну ў пэўныя месцы на ілбе можа спрацаваць як невялікая падцяжка броваў. Яны робяцца больш выгнутымі. Але гэта працуе толькі ў выпадку жанчын.

Ботулатаксін таксама прымяняецца для лячэння гіпергідрозу. Інʼекцыі блакуюць рэцэптары потавых залоз і тармозяць выпрацоўку залішняй колькасці поту. Эфект ад працэдуры надыходзіць праз некалькі дзён і захоўваецца 6-8 месяцаў.

А ў пачатку 2000-х гадоў прэпарат пачалі выкарыстоўваць з мэтай больш хуткага і акуратнага рубцавання скуры пры зажыўленні ранаў.

Як часта неабходна рабіць інʼекцыі

Тэрмін дзеяння адной працэдуры залежыць ад зон і колькасці ўведзенага прэпарату, ад анатамічных асаблівасцяў і ладу жыцця пацыента.

Касметолагі не рэкамендуюць праводзіць інʼекцыі па ўсім твары. Гэта можа значна парушыць яго выраз і будзе выглядаць непрывабна. Таму лепш абмежавацца некалькімі зонамі. У гэтым выпадку вынік будзе больш натуральным, аднак эфект будзе захоўвацца меншы час — у сярэднім каля трох-шасці месяцаў. Пры паўторным выкарыстанні, як сцвярджаюць спецыялісты, ён можа трымацца да 12 месяцаў.

Калі вы хочаце, каб эфект ад ін'екцый захоўваўся як мага даўжэй, на працягу 6 месяцаў неабходна будзе звесці да мінімуму ўсё, што стымулюе кровазварот у апрацаваных зонах (сауна, фізіятэрапія).

Што з коштамі?

У сярэднім карэкцыя маршчын пераносся патрабуе ад 30 адзінак. Комплекс — напрыклад, зона міжброўя, ілба, «гусіныя лапкі» каля вачэй — каля 100 адзінак прэпарату. Кошт адзінкі — ад 4 рублёў.

Дадайце да гэтага яшчэ кошт папярэдняй кансультацыі касметолага і памятайце, што існуе шэраг супрацьпаказанняў для прымянення ботулатаксіну.

Чытайце яшчэ:

«Ніхто не дае мне больш за 30 гадоў, але на гэта я трачу не менш за тысячу рублёў на месяц». Мінчанка — пра пластычную хірургію і рэакцыю мужчын

Як Крышціяну Раналду ўдасканальвае знешнасць: коле ботакс, зменшыў нос і перасадзіў валасы ФОТЫ

Брытанка 40 гадоў не ўсміхалася, каб не з'явіліся маршчыны

Nashaniva.com