«Вярнулася з Вільні, і назаўтра прыйшлі з КДБ». Гісторыя 73-гадовай мамы Іллі Міронава, якой на старасці гадоў прыйшлося ўцякаць за мяжу
Валянціну Міронаву следчыя абвінавацілі ў «садзейнічанні экстрэмізму». Гэтак яны трактавалі дапамогу пенсіянеркі знаёмым у СІЗА, піша Радыё Свабода.
14.02.2024 / 12:49
Валянціна Міронава мае двух дарослых сыноў. Адзін з іх — вядомы гомельскі валанцёр Ілля Міронаў. Пасля турэмнага тэрміну і шматлікіх «сутак» Ілля мусіў уцякаць за мяжу. Калі актывіст ужо быў у Вільні, на яго завялі шэраг чарговых крымінальных спраў. Маці таксама не давалі супакою. Рэгулярна прыходзілі міліцыянты з Савецкага РАУС Гомеля, дапытвалі яе як «сведку» ў справе сына, рабілі ператрусы, забіралі тэхніку і тэлефоны.
«Усё пыталіся, мо прыехаў сын. Я адказвала, што катэгарычна забараніла яму ехаць сюды, нават калі я памру. «Але як я не маю больш у Гомелі блізкіх, то запрашаю вас усіх, калі што, на маё пахаванне«, — так я сказала міліцыянтам», — успамінае Валянціна.
У міліцыянтаў былі прэтэнзіі і да яе — у тэлефоне шукалі падпіскі ці перапіскі з «экстрэмізмам». Некалькі разоў Валянціна трапляла ў ізалятар часовага ўтрымання, мела суды і штрафы і бясконцую ўвагу ад міліцыі. 22 студзеня яна вярнулася з Вільні, дзе наведвала сына. Назаўтра па яе прыйшлі супрацоўнікі КДБ.
Атрыманне прадуктаў, падтрымка знаёмых у СІЗА
Валянціна кажа, што да яе прыйшлі недзе а 7-й раніцы. Гэта былі супрацоўнікі КДБ і міліцыі. «Цэлы натоўп быў», — расказвае суразмоўца.
«Асабліва нічога не шукалі, ды ўжо ж колькі можна шукаць, колькі было ператрусаў! Знайшлі і забралі ўсе мае сродкі — 1200 даляраў. Я кажу, што я «чыстая« перад законам, што гэта грошы ад продажу дома, што ўсё магу паказаць на рахунках банку», — расказвае Валянціна.
Пытанні супрацоўнікаў КДБ тычыліся ініцыятывы Dissidenty.by, якая дапамагае палітзняволеным. Пыталіся і канкрэтна пра адну з арганізатарак ініцыятывы, Марыну Касінераву. «Я недзе чула такое прозвішча, недзе ў СМІ, але асабіста не знаёмая, так і сказала ім», — зазначыла Валянціна.
Яна кажа, што супрацоўнікі КДБ былі добра падрыхтаваныя да допыту, мелі шмат якой інфармацыі, датычнай рахункаў Валянціны ў банках, пераводаў і іншага. На допыце пыталіся, чаму яна насіла перадачы ў СІЗА для Дзмітрыя Папова (фігурант «справы Ціханоўскага», атрымаў на судзе 16 гадоў зняволення. — РС), чаму паклала на рахунак Ларысы Шчыраковай (палітзняволеная гомельская журналістка. — РС) 5 рублёў на яе дзень народзінаў, чаму перавяла 30 рублёў для Андрэя Толчына (зняволены гомельскі журналіст. — РС).
«Бо гэта мае знаёмыя, таму я так зрабіла», — тлумачыць Валянціна.
Таксама супрацоўнікаў КДБ хвалявала, чаму яна перадавала перадачу ў СІЗА палітзняволенай Паліне Шарэнда-Панасюк. Валянціна кажа, што чытала пра яе ў СМІ, яе кранула гісторыя зняволенай, было шкада чалавека, таму і занесла перадачу ў турму.
Распытвалі сілавікі і пра харчы, якія Валянціна атрымлівала праз сэрвіс «Едастаўкі». Па словах жанчыны, супрацоўнік КДБ заявіў, што аплата была з ЗША, Літвы і Польшчы.
«Я патлумачыла, што адзін мой сын жыве ў Польшчы, ён мне прапанаваў аплачваць прадукты, каб дапамагаць мне. Я пагадзілася. Чаму аплаты былі з ЗША, я не ведаю, гэтым усім сын займаўся», — зазначыла беларуска.
Па словах Валянціны, допыт цягнуўся да 19:00 23 студзеня. Гэта было ў будынку Савецкага РАУС Гомля. Там жа міліцыянты «знянацку» знайшлі ў тэлефоне жанчыны падпіску на групу «Стоп Лука». Яна кажа, што чысціла свой тэлефон, не мела там «экстрэмізму» і не падпісвалася на такую групу. Але даказаць у міліцыі гэта складана. На яе напісалі пратакол за «экстрэмізм» і хацелі адвезці ў ІЧУ.
«Ужо пачалі казаць, каб здымала ўпрыгажэнні, але той супрацоўнік КДБ чамусьці «заступіўся», «замовіў слова», як ён мне казаў, і мяне адпусцілі», — дадала Валянціна.
«Няхай будзе, што будзе»
На суд паводле адміністрацыйнага пратаколу за «экстрэмізм» Валянціна мусіла з'явіцца 2 лютага.
«Казала знаёмым, што ўпаду там на падлогу і буду крычаць, што я не падпісвалася на «Стоп Лука». Але, зразумела, гэта такія змрочныя жарты, бо што б гэта дало, і хто б мяне?» — кажа Валянціна Міронава.
29 студзеня яе выклікалі ў Следчы камітэт на вуліцы Рабочай у Гомелі.
Там далі азнаёміцца з пастановай, што яна цяпер падазраваная ў крымінальнай справе за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, частка 2 артыкула 361-4 КК, і ёй пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі. Там жа мусіла даць падпіску аб нявыездзе.
«Зноў пыталіся пра «Дысідэнты», пра INeedHelp, але я нічога не ведаю, што я магу расказаць?» — гаворыць суразмоўца.
Па словах Валянціны Міронавай, нават атрымаўшы пастанову, яна не хацела выязджаць з Беларусі, хоць яе аб гэтым і прасілі сябры.
«Я вырашыла, што няхай будзе, што будзе. Нікуды не паеду, бо гэта ж квіток у адзін бок! Я казала, што я не хачу паміраць на чужыне. А знаёмы сказаў, што лепш памерці на свабодзе, чым у турме», — кажа Валянціна.
Рашэнне жанчына ў выніку змяніла, выехаць з Беларусі дапамаглі неабыякавыя людзі. Валянціна кажа, што яны спачатку дазволілі ёй ехаць з вялікім чамаданам, потым сказалі, што трэба меншы, затым параілі браць маленькі заплечнік. Эвакуацыяй займаўся фонд «Байсол».
«Я ім вельмі ўдзячная! Я не магу сказаць, дзе і як я ехала, але яны проста вялі мяне за руку на ўсім маім шляху. Мае сябры жартавалі: «Дзе б ты спазнала такіх прыгод і такога падарожжа?»
Мне ўсім дапамаглі на ўсім шляху людзі з «Байсол». Адзінае, што мне было цяжка, — я не надта разбіраюся ў тэлефоне, у аплікацыях розных, але мне дапамагалі, выбралася», — дзеліцца суразмоўца.
У дарозе яна выпадкова сустрэлася з маладым беларусам, які таксама ўцякаў з радзімы.
«Нездарма ён мне адразу спадабаўся. Калі мы прайшлі, так скажам, розныя выпрабаванні, ён мне сказаў: «не бойцеся, усё засталося ззаду», і толькі тады мы разгаварыліся і я зразумела, што ён таксама ўцякае з Беларусі», — кажа Валянціна.
Цяпер яна ў Літве, побач з сынам Іллём, пачынае жыццё з нуля. Апошнія грошы забралі супрацоўнікі КДБ. «Але я ні пра што не шкадую. Я рабіла тое, што было ў маіх сілах, я старалася дапамагаць людзям», — дадала Валянціна.
Чытайце таксама: