«Лыжаў яўрэям не выдаём». Элітны Давос шакаваны антысеміцкім скандалам
Швейцарская паліцыя распачала крымінальнае расследаванне ў сувязі з паведамленнем крамы горнага рыштунку аб тым, што яна больш не будзе прадаваць лыжы і санкі кліентам-яўрэям, піша ВВС.
14.02.2024 / 12:16
Аб'явы на вітрыне ўжо няма, але расследаванне працягваецца
Крама размешчаная на папулярным гарналыжным курорце Давос, дзе штогод праходзіць сусветны бізнэс-форум. У выніку скандалу там вырашылі перагледзець сваю палітыку — прыбралі абʼяву аб забароне, прадубляваную таксама на іўрыце.
У абʼяве, вывешанай на вітрыне крамы, гаварылася, што з-за серыі інцыдэнтаў, у тым ліку крадзяжоў, «мы больш не выдаём спартыўны інвентар нашым братам-яўрэям».
Крама, якая зʼяўляецца часткай горнага курорта з рэстаранам, першапачаткова паведамляла, што супрацоўнікі сутыкнуліся з выпадкамі, калі ўзятае напракат абсталяванне проста не вярталася, і супрацоўнікі стаміліся гойсаць па схілах усіх навакольных гор у пошуках кінутых санак.
На працягу 24 гадзін пасля іх зʼяўлення абʼявы выклікалі шквал пратэстаў.
Мэр Давоса Філіп Вільгельм заявіў швейцарскім СМІ: «Любыя формы антысемітызму, расізму і дыскрымінацыі павінны быць асуджаныя. Гэта не пра Давос».
Дырэктар крамы прынёс прабачэнні, пагадзіўшыся з тым, што абʼява была «дрэнна сфармуляваная». Ён таксама заявіў, што габрэйскія кліенты будуць вітацца.
Але швейцарскія актывісты па барацьбе з расізмам адзначылі, што згадванне цэлай расавай, рэлігійнай або этнічнай групы на падставе кепскіх паводзін асобных людзей зʼяўляецца чымсьці больш сурʼёзным, чым проста няправільны выбар слоў для абвяшчэння — насамрэч гэта класічны знак расізму і дыскрымінацыі.
Швейцарскія курорты, у тым ліку Давос, гадамі прымаюць вялікія групы па-рознаму выхаваных людзей. Можна ўспомніць і расейскіх алігархаў, і нафтавых магнатаў з краін Персідскага заліва, і маладых банкіраў з Цюрыха, асабліва вядомых сваімі дзікімі тусоўкамі і звычкамі да какаіну, ці нават брытанскіх наведвальнікаў з «пакетнымі» адпачынкамі і запалам да гучных забаў да глыбокай ночы. Але ніводная з гэтых групаў не выклікала такой заклапочанасці ў горнай краме, як габрэі.
Генеральны сакратар Федэрацыі габрэйскіх суполак Швейцарыі Джонатан Кройтнар заявіў, што падасць скаргу на пункт пракату і будзе дамагацца ўзбуджэння крымінальнай справы. Паліцыя кантона Граўбюндэн пачала ўласнае расследаванне.
Чытайце таксама:
Віцяблянін падаў у суд на сілавіка з-за ягоных антысеміцкіх выказванняў. Вынік прагназаваны
«Ідзіце на х*й». Маск паслаў кампаніі, якія адмовіліся ад рэкламы ў Х пасля антысеміцкага паста