Палесціна назвала Расію апорай у сваёй барацьбе
Рамала (сталіца Палесціны) назвала Маскву сваім «шчырым сябрам і прыхільнікам» і выказала шкадаванне, што ХАМАС вырашыў не звяртацца да Масквы за пасярэдніцтвам у канфлікце з Ізраілем.
13.02.2024 / 16:19
Рамала. Фота: Evelyn Hockstein / Pool Photo via AP
Адносіны паміж Расіяй і Палесцінай носяць стратэгічны характар, і Рамала лічыць Маскву апорай у сваёй барацьбе за існаванне, заявіў РБК дырэктар палітычнага дэпартамента Арганізацыі вызвалення Палесціны (ААП) Анвар Абдулхадзі.
«Мы лічым нашых расейскіх сяброў рэальнай апорай нашай барацьбы», — распавёў палітык у кулуарах XIII блізкаўсходняй канферэнцыі дыскусійнага клуба «Валдай». Расійскі і палесцінскі лідары праводзяць рэгулярныя тэлефонныя размовы.
Абдулхадзі адзначыў, што Масква падтрымлівае палесцінцаў «у любой сітуацыі» і яе пасярэдніцтва ва ўрэгуляванні канфлікту ў сектары Газа было б вельмі эфектыўна. Аднак ХАМАС, які кантралюе эксклаў, палічыў за лепшае звярнуцца па дапамогу да Катара. «Мы ў сваю чаргу лічым, што Расія — наш шчыры сябар і прыхільнік і ўскладаем вялікія надзеі», — заявіў кіраўнік палітдэпартамента ААП, якая кантралюе Заходні бераг ракі Іардан.
Палітык таксама дапусціў, што ў «самай агляднай будучыні» можа адбыцца візіт у Маскву прэзідэнта Палесціны Махмуда Абаса, які планаваўся яшчэ ўвосень 2023 года, але быў перанесены. «Паводле маіх ацэнак, цягам некалькіх тыдняў», — заявіў ён.