«Нашы горы пачалі смярдзець». Альпіністаў, якія лазяць на Эверэст, абавязалі прыбіраць за сабой фекаліі

Людзям, якія падымаюцца на Эверэст, цяпер давядзецца прыбіраць свае фекаліі і прыносіць іх назад у базавы лагер для ўтылізацыі, піша Бі-бі-сі. Новае правіла ўвёў муніцыпалітэт, які ахоплівае большую частку гэтага рэгіёна.

12.02.2024 / 23:17

Фота: Getty Image

«Нашы горы пачалі смярдзець», — канстатаваў Мінгма Шэрпа, старшыня сельскага муніцыпалітэта Пасанг Лхаму. З-за экстрэмальных тэмператур экскрэменты, пакінутыя на Эверэсце, не раскладаюцца цалкам.

«Мы атрымліваем скаргі на тое, што на камянях бачныя чалавечыя спаражненні, а некаторыя альпіністы захворваюць. Гэта непрымальна і падрывае наш імідж», — заўважыў Мінгма.

Альпіністам, якія спрабуюць падняцца на самую высокую гару ў свеце і найбліжэйшую да яе гару Лхацзе, будзе загадана купіць у базавым лагеры спецыяльныя мяшкі для фекаліяў, якія будуць правераныя пасля вяртання.

Цяпер ідзе закупка ў ЗША каля 8 тысяч мяшкоў прыкладна для 400 замежных альпіністаў і 800 чалавек дапаможнага персаналу для сезону ўзыходжанняў, які пачнецца ў сакавіку.

Як адзначае Бі-бі-сі, смецце застаецца велізарнай праблемай на Эверэсце і іншых гарах рэгіёну, асабліва ў лагерах, размешчаных вышэй базавых стаянак, нягледзячы на штогадовыя кампаніі па прыбіранні.

Хоць афіцыйных звестак не існуе, паводле экспертных ацэнак, паміж першым лагерам каля падножжа Эверэста і чацвёртым лагерам, бліжэй да вяршыні, знаходзіцца каля трох тон чалавечых экскрэментаў. Палова гэтай колькасці — на перавале Паўднёвае сядло.

«Тут амаль няма лёду і снегу, таму паўсюль можна ўбачыць чалавечыя спаражненні», — адзначыў міжнародны горны гід Стэфан Кек.

Чытайце таксама:

Траўмаванага беларуса знялі са скалы амаль на самым краі свету

64-гадовая беларуска падняла БЧБ-сцяг над адной з найвышэйшых гор свету

У Швейцарыі злодзеі падняліся на вышыню ў 2 кіламетры, каб абчысціць звычайную скрыню з ахвяраваннямі

Nashaniva.com