Маці экс-палітвязня, якая з’ехала ў Вільню, праз вайбер асудзілі за Едастаўку. Працэс быў незвычайным з усіх бакоў
Працэс праходзіў па відэасувязі праз Viber. Гэта першы вядомы праваабаронцам выпадак такога анлайн-працэсу за апошні час.
12.02.2024 / 16:12
У судзе Барысаўскага раёна 9 лютага разгледзелі адміністрацыйную справу супраць Аксаны Хіневіч — маці былога палітвязня Анатоля Хіневіча. Пасля затрымання падчас масавага рэйду сілавікоў напрыканцы студзеня жанчына хутка пакінула Беларусь — цяпер яна ў Літве з сынам. Але гэта не спыніла барысаўскі суд, піша «Вясна».
Працэс праходзіў у незвычайным фармаце для людзей — па відэасувязі праз Viber. Гэта першы вядомы праваабаронцам выпадак такога анлайн-працэсу за апошні час.
Аксану абвінавацілі ў атрыманні «замежнай дапамогі» праз ініцыятыву INeedHelpBY. Суддзя Святлана Баранава прызнала яе вінаватай паводле арт. 24.15 КаАП і прызначыла ёй штраф з кампенсацыяй сумы «замежных» аплат у Едастаўцы.
«Стварыла пагрозу прычынення шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам»
Аксану затрымалі 23 студзеня падчас масавага хапуна на сваякоў і знаёмых палітвязняў, а таксама былых палітзняволеных.
На наступны дзень жанчыну асудзілі паводле адміністрацыйнай справы і аштрафавалі на 400 рублёў (10 базавых велічыняў). У хуткім часе яна пакінула Беларусь, баючыся пераследу. Пазней супраць Хіневіч склалі яшчэ адзін пратакол — паводле ч. 2 арт. 24.15 КаАП (выкарыстанне замежнай бязвыплатнай дапамогі для ажыццяўлення тэрарыстычнай і іншай экстрэмісцкай дзейнасці або іншых дзеянняў, забароненых заканадаўствам).
Гэты пратакол для азнаямлення жанчыне даслалі па Viber 7 лютага, калі яна была ўжо за мяжой.
Паводле яго, Аксана, «выкарыстоўваючы ўласны камп'ютар, звязалася з замежным аб'яднаннем INeedHelpBY, прызнаным рашэннем КДБ ад 16 студзеня «экстрэмісцкім фарміраваннем», і, у перыяд часу з 12.02.2022 па 05.04.2023 гг., атрымала і выкарыстала замежную бязвыплатную дапамогу ў выглядзе таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў, набытых у інтэрнэт-краме «Еўраопт» на агульную суму 2 854 рублі і 45 капеек ад вышэйпаказанага аб'яднання ў мэтах іншай экстрэмісцкай дзейнасці, выяўленай у публічнай загадзя неправамернай легітымізацыі дзеянняў асоб, якія ўчынілі правапарушэнні і злачынствы, у тым ліку шляхам надання ім псеўдастатусу «палітвязняў», незаконным нівеляванні наступстваў прыцягнення да адказнасці, чым стварыла пагрозу прычынення шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам».
Справу Аксаны разглядала суддзя Святлана Баранава. Напачатку яна ўдакладніла, дзе цяпер жыве Аксана. Жанчына патлумачыла, што знаходзіцца ў Вільні ў свайго сына.
Суддзя: Вы там проста часова ў гасцях, ці як гэта разумець?
Аксана: Паглядзім, як скончацца працэсы… Тады будзем вырашаць, часова мы тут ці не.
Таксама суддзя ўдакладніла пра мінулыя адміністрацыйныя справы жанчыны:
Суддзя: Ці прыцягваліся раней да адміністрацыйнай адказнасці?
Аксана: Прыцягвалася 24 студзеня па сфабрыкаванай справе.
Суддзя: Гэта лішняя інфармацыя для суда.
Сваю віну жанчына не прызнала. Яна адзначыла, што ў пратаколе няправільна пазначаны яе паказанні, якія Аксана давала падчас допыту ў Следчым камітэце 23 студзеня.
Яна пацвердзіла, што дапамогу для палітзняволенага сына, які на той момант знаходзіўся ў калоніі, праз Едастаўку атрымлівала, але не ад арганізацый, а ад прыватных асобаў, знаёмых сына, а таксама ад неабыякавых людзей.
Па словах жанчыны падчас допыту, спачатку ёй дасылалі суму, на якую можна зрабіць заказ, а пасля фармавання кошыку ў Едастаўцы яна дасылала нумар заказу і пароль ад свайго профілю ў бот «INeedHelpBY». Затым ёй дасылалі інфармацыю па дастаўцы. Але далей, паводле яе, аплата праходзіла ад людзей з-за мяжы, а не ад арганізацый.
Да матэрыялаў справы далучылі пастанову аб адмове ў завядзенні супраць жанчыны крымінальнай справы паводле арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Таксама да справы далучылі і скрыншоты перапіскі з участковым Казлоўскім, які складаў пратакол супраць Аксаны.
У выніку суддзя Святлана Баранава прызначыла ёй штраф 20 базавых велічынь (400 рублёў), а таксама кампенсацыю дапамогі ў памеры 2 854 рублі і 45 капеек.
Пасля абвяшчэння рашэння сакратарка суда сказала, што рэквізіты для аплаты Аксане дашлюць па Viber.
«А як вы мне прапаноўваеце гэта з Вільні аплаціць? Каб гэта была зноў гуманітарная дапамога Беларусі з замежнага рахунка?» — спытала жанчына, але адказу так і не атрымала.
Чым скончыліся рэйды напрыканцы студзеня?
Паводле «Вясны», па стане на 12 лютага пад пераслед трапілі сама меней 232 чалавекі, абсалютная большасць з якіх — жанчыны. Шмат хто з іх ужо на волі з падпіскай аб нявыездзе і неразгалошванні, але некаторыя да гэтага часу застаюцца за кратамі ў межах крымінальных справаў. Па звестках праваабаронцаў, супраць мінімум 24 чалавек распачалі крымінальныя справы паводле арт. 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фармаванні) і арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Акрамя гэтага, мінімум 47 чалавек асудзілі паводле адміністрацыйных справаў.
Некалькі чалавек па ўсёй Беларусі асудзілі да штрафаў паводле ч. 2 арт. 24.15 КаАП — «выкарыстанне замежнай бязвыплатнай дапамогі для ажыццяўлення тэрарыстычнай і іншай экстрэмісцкай дзейнасці або іншых дзеянняў, забароненых заканадаўствам». Гэты артыкул раней у Беларусі не выкарыстоўваўся.
26 студзеня суд Лідскага раёна аштрафаваў дзвюх лідчанак па гэтым артыкуле. Адна з іх атрымала «замежную дапамогу» таварамі на 5241 рубель з інтэрнэт-крамы «Еўраопт», другая — на агульную суму 18 143 рублі. Абедзвюх жанчын аштрафавалі на 1000 рублёў кожную (25 базавых велічынь) з кампенсацыяй сумы атрыманай дапамогі. Іх пастановы апублікавалі на pravo.by.
Чытайце таксама:
Блогерка Вольга Такарчук, якая тэрмінова з'ехала з Беларусі з бацькам, просіць аб дапамозе
Супрацоўнікі міліцыі пайшлі па кватэрах актывістаў у Мінску
Сузаснавальнік «Байхэлпа»: Калі мы сыдзем, палітвязням у Беларусі ніхто не дапаможа