Траўмаванага беларуса знялі са скалы амаль на самым краі свету
У Аргенціне са скалы на востраве Вогненная Зямля ў выніку працяглай начной выратавальнай аперацыі знялі 29-гадовага беларускага турыста, які атрымаў траўму. Пра гэта паведамляе мясцовая выратавальная служба, піша сайт «Беларусь і свет».
10.02.2024 / 22:24
У аўторак, 6 лютага, каля 19.00 вечара члены аднаго з альпінісцкіх клубаў, якія займаліся скалалажаннем, праінфармавалі, што ў раёне скалаў П'едрас-Наранхас, размешчаных паміж сцежкамі да возера Лагуна Эсмеральда і ледніка Оха-дэль-Альбіна, знаходзіцца пацярпелы чалавек, які просіць пра дапамогу.
Неадкладна была арганізаваная ратавальная аперацыя, у якой узялі ўдзел супрацоўнікі некалькіх арганізацый. Пасля таго, як яны прайшлі па сцежцы, прыкладна ў 23.40 з турыстам быў усталяваны кантакт.
Высветлілася, што мужчына пашкодзіў шчыкалатку і не мог рухацца сам. Яму аказалі першую дапамогу і сталі рыхтаваць да эвакуацыі.
Спуск пачаўся каля 01.30. Пацярпелага неслі на насілках. А завяршылася выратавальная аперацыя ў 04.00, калі турыст быў адпраўлены на машыне хуткай дапамогі ў бальніцу населенага пункта Ушуая — адміністрацыйнага цэнтра правінцыі Вогненная Зямля. Ён, дарэчы, лічыцца самым паўднёвым горадам планеты.
Чытайце таксама:
Вайны не будзе. Венесуэла і Гаяна дамовіліся не звяртацца да сілавога вырашэння канфлікту
Нескладаная легалізацыя, дабрабыт, але традыцыйная маньяна. Беларус пераехаў з сям'ёй ва Уругвай