На чэмпіянаце свету з вышкі скокнуў у ваду 100-гадовы спартсмен 

У чэмпіянаце свету па водных відах спорту, які цяпер праходзіць у катарскай Досе, узяў удзел унікальны скакун у ваду. Іранец Тагі Аскары пад апладысменты трыбун адправіўся ў палёт у басейн з вышкі. А незвычайнасць у тым, што нядаўна гэты спартсмен адзначыў стогадовы юбілей, піша «Спорт-экспресс».

10.02.2024 / 17:19

Фота: tehrantimes.com

Тагі Аскары дэбютаваў на міжнародных спаборніцтвах у далёкім 1951 годзе ў Дэлі. На першых Азіяцкіх гульнях, якія прайшлі тады ў Індыі, ён заваяваў бронзавы медаль на трохметровым трампліне і срэбра на 10-метровай вышцы.

Фота: FINA

Паводле прызнанні ветэрана, скачкі ў ваду былі для яго любімым заняткам з юнага ўзросту. Дзякуючы ім ён атрымаў магчымасць зарабляць і дапамагаць сям'і, убачыць свет. Спартыўную кар'еру Тагі Аскары завяршыў у 41 год, чарговы раз заваяваўшы тады залаты медаль чэмпіянату Ірана.

Фота: FINA

У 1974 годзе перад Азіяцкімі гульнямі ў Тэгеране 50-гадовы ветэран вырашыў вярнуцца ў басейн. Ён прыступіў да трэніровак, спадзеючыся выступіць на хатнім турніры. Але ягоная мара засталася няздзейсненай. Аскары ўбачыў выступы кітайскіх скакуноў і вырашыў адмовіцца ад сваёй задумы, бо не хацеў прайграваць на радзіме.

Фота FINA

В вось праз 50 гадоў Тагі Аскары ўсё ж узяў удзел у буйным міжнародным турніры. На чэмпіянат свету па водных відах спорту ў Досе яго запрасілі ў якасці ганаровага госця. Аднак такая роля не вельмі спадабалася ветэрану, таму ён вырашыў паказаць клас. Пад бурныя апладысменты Тагі Аскары нырнуў з метровай вышкі ў басейн.

Балы яму, вядома, не налічваліся, ветэран спорту выступаў па-за конкурсам. Але пасля свайго выступлення самы ўзроставы ўдзельнік чэмпіянату свету па водных відах спорту атрымаў у падарунак сапраўдны залаты медаль спаборніцтваў і нечакана для ўсіх расплакаўся на п'едэстале.

Чытайце таксама:

Памерла найстарэйшая вучаніца ў свеце. Ёй было 100 гадоў, і яна наведвала ўрокі фізкультуры

Дажыць да 120 можа стаць магчымай перспектывай

Доўгажыхары ў ясным розуме. Вось хто можа ведаць сакрэт барацьбы з хваробай Альцгеймера

Nashaniva.com