У Гродне за хабар судзяць дырэктара «АзотРамБуд». Ён нядаўна прыехаў з Азербайджана

У Гродне судзяць Джалілава Ільгара Галандара аглы (у раскладзе судоў напісана, мабыць, з памылкай — «аглу»). Чалавек з такімі досыць рэдкімі для Беларусі дадзенымі — дырэктар прадпрыемства «АзотРамБуд». Мужчына родам з Азербайджана, яго судзяць за хабар, даведаўся Hrodna.life.

08.02.2024 / 23:33

Ільгар Джалілаў. Скрыншот з «Беларусь 24»

Мужчыну пачалі судзіць 8 лютага ў судзе Ленінскага раёна Гродна па двух артыкулах — 430 ч. 1 КК «Атрыманне хабару» і 430 ч. 2 КК «Атрыманне хабару».

На прадпрыемстве паведамілі, што Ільгар Джалілаў у іх больш не працуе. Дырэктарам цяпер з’яўляецца Аляксандр Галгофскі, які раней быў намеснікам галоўнага інжынера — начальнікам аддзела па рамонце, эксплуатацыі і наглядзе за будынкамі. На сайце дырэктарам усё яшчэ пазначаны Джалілаў.

Ільгар Джалілаў нарадзіўся ў Азербайджане. У 2023 годзе ён расказваў, што на той момант два гады таму прыехаў у камандзіроўку ў Беларусь і зацікавіўся краінай. Супрацоўнікі спачатку паставіліся да яго з асцярогай, адзначыў ён. Таксама ён пахваліў «сацыяльную абароненасць» у Беларусі: бясплатную медыцыну і аплаты пуцёвак у санаторыі.

«Гродна Азот». Фота: t.me/azot_official

Мужчына трапіў на дошку гонару ААТ «Гродна Азот» — 2022. Апошняя згадка пра яго на сайце «Гродна Азот» датаваная студзенем 2023 года.

Рамонтна-будаўнічае ўнітарнае прадпрыемства «АзотРамБуд» створана на базе падраздзялення ААТ «Гродна Азот» цэха антыкаразійных пакрыццяў і рамонтна-будаўнічых работ у лістападзе 2013 года. 40 гадоў яны рамантавалі будынкі і збудаванні, тэхналагічнае абсталяванне і аб’екты сацкультбыту «Гродна Азот».

Чытайце таксама:

КДБ арыштаваў больш за 20 афіцэраў ДФР — пад чысткі трапілі і антыгероі 2020-га

У Гродне судзяць былога дырэктара кампаніі «Агат — сістэмы кіравання»

Выкладчык мінскага ўніверсітэта папаўся на хабары. Грошы яму пераводзілі на картку

Nashaniva.com